На сайце Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў раздзеле "Маёмасць" з’явіліся адразу дзве прапановы з Аршанскага раёна. Абодва будынкі належаць Аршанскаму дзяржаўнаму аграрнаму каледжу.
Гаворка ідзе пра сталоўку 1967 года пабудовы з электразабеспячэннем, ацяпленнем, халодным водазабеспячэннем, каналізацыяй і зямельным участкам.
А таксама пра склад мінеральных угнаенняў 1961 года. Ён узведзены на фундаментах з бетонных блокаў, сцены – з жалезабетонных панэляў, інжынерных камунікацый няма.
Чаму сталоўка і склад раптам апынуліся лішнімі – не паведамляецца. Але можна здагадацца, што справа тут, хутчэй за ўсё, у складанай сітуацыі. Няўжо ўсё настолькі дрэнна, што вырашылі пакінуць мясцовых студэнтаў без сталоўкі?
Дарэчы, такі аб’ект мог бы стаць даволі прыбытковым у Смальянах, калі падысці да справы па-гаспадарску. У гэтым невялікім населеным пункце ёсць цікавыя гістарычныя мясціны – рэшткі касцёла Дзевы Марыі і замка "Белы Ковель" XVII стагоддзя, а таксама царква святога Аляксея з капліцай-усыпальніцай XIX стагоддзя. Таму сталоўка магла б абслугоўваць не толькі студэнтаў, але і турыстаў.