З 5 траўня ў некаторых раёнах Віцебшчыны выканкамы распарадзіліся ўключыць ацяпленне ў дзіцячых дашкольных, школьных, лячэбна-прафілактычных, медыцынскіх установах, установах сацыяльнага забеспячэння, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, бібліятэках і гатэлях. Але «пацяпленне» закране толькі некаторыя населеныя пункты: Віцебск, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Ушацкі, Шумілінскі і Полацкі раёны. На Аршаншчыне батарэі цёплымі не стануць.
Ацяпляльны сезон на Віцебшчыне, як і па ўсёй Беларусі, афіцыйна завяршыўся 15 красавіка. Разам з тым паведамлялася, што на аб’ектах сацыяльнай сферы можа быць уведзены рэжым «прапальвання», калі сярэднясутачная тэмпература апусціцца ніжэй за +8 градусаў.
Бліжэйшымі днямі якраз гэтага і варта чакаць!
Белгідраметцэнтр папярэджвае пра замаразкі бліжэйшай ноччу на тэрыторыі ўсёй краіны.У Оршы і раёне ўначы з 5 на 6 красавіка прагназуецца пахаладанне да −2. Ад рэзкага зніжэння тэмпературы могуць пацярпець расліны, іх раяць прыкрыць саломай або спанбондам.
Замарзкі ў Оршы магчымыя не толькі гэтай ноччу, але і ўночы з 8 на 9 траўня ( таксама да −2), і ўночы з 10 на 11 траўня (да −1) . Дзённыя тэмпературы на гэтым тыдні, як перадаюць сіноптыкі, не будзе перавышаць +8 градусаў.