Такім чынам, першы тур не выявіў пераможцаў. 15 кастрычніка па 26-й акрузе у выбарах прынялі удзел 50, 18 (сустракаецца і лічба 50,24) % выбаршчыкаў; па 27-й – 54,19 %. У другі тур выйшлі: па 26-й акрузе – У. Печанькоў і І. Жалязоўскі; па 27-й – У. Жвікаў і А. Гудкоў. 29 кастрычніка адбыўся другі тур. Што цікава, за два тыдні колькасць выбаршчыкаў па акругах зменшылася: па 26-й на 1640 чалавек, па 27-й – на 1289. Каардынатарам назірання за ходам выбараў па Оршы і раёну быў тады кіраўнік аршанскага рэсурснага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў Юрый Нагорны.
«Аршанская газета», 26 кастрычніка 2000 г.
У выніку дэпутатамі ад Аршаншчыны сталі Уладзімір Печанькоў, за якога аддалі свае галасы 46 % выбаршчыкаў, і начальнік Аршанскага лакаматыўнага дэпо Уладзімір Жвікаў (у 1988-1991 гадах працаваў старшынёй Аршанскага гарвыканкама), за якога прагаласавалі 62,6 % выбаршчыкаў.
У. Печанькоў (1952-2009), дэпутат ПП НС РБ (2000-2004).
У 2004 годзе выбары дэпутатаў супалі з Рэспубліканскім рэферэндумам, на якім вырашаўся лёс аднаго з артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што тычыўся выбараў Прэзідэнта.
У Оршы было зарэгістравана дзесяць ініцыятыўных груп. Усе кандыдаты рэгістраваліся праз збор подпісаў выбаршчыкаў. На месца дэпутата па Аршанскай гарадской акрузе № 26, якое вызваліў У. Печанькоў (вярнуўся ў Оршу, працаваў начальнікам гарадскога аддзела адукацыі і памёр, не дажыўшы нават да пенсіі), балаціраваліся тры партыйцы – галоўны рэдактар газеты «Время» Генадзь Ананьеў (Аб’яднаная грамадзянская партыя), інжынер Канстанцін Анташкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)), спецыяліст інструментальнага завода, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Мікалай Дзямідаў (ПКБ), а таксама начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Людміла Анікеева і ваеннаслужаны Уладзімір Ігнаток.
У. Жвікаў, дэпутат ПП НС РБ (2000-2008).