Дачны пасёлак "Усход" пад Оршай мясцовыя жыхары перайменавалі ў "Далёкі Ўсход". Дабрацца да ўчасткаў уладальнікам складана: з двух бакоў дамы атачае чыгунка, з трэцяй - рака Аршыца. Адзіны шлях - праз поле, але і яго не так проста пераадолець. Многія пенсіянеры жывуць у загарадных дамах круглы год. Аднак калі што здарыцца - ні хуткая, ні пажарная прыехаць да іх не змогуць, паведаміў у сваім рэпартажы тэлеканал АНТ.
Участкі тут пачалі раздаваць 25 гадоў таму. 83 сям'і атрымалі па 10 сотак. Спачатку дачнікі дабіраліся ў асноўным пешшу, пазней зрабілі праезд для машын. Доўгі час дачнікі дабіраліся ў пасёлак па дарозе, якую праклалі па бліжэйшым полі. Але прыгарад Оршы актыўна забудоўваецца, і на шляху машын выраслі дамы. Пенсіянеры зрабілі адмысловы аб'езд, але і ён ужо з двух бакоў акружаны забудовай. Многія людзі задаюць рытарычнае пытанне цікаўным журналістам: "нам што, на шрубалёце цяпер лётаць?"
Перапіску з чыноўнікамі мясцовыя актывісты вядуць ужо тры гады. Мэта - дамагчыся, каб палявую дарогу ўзаконілі, добраўпарадкавалі і нанеслі на карту горада, каб экстранныя службы ведалі, як дабрацца да пасёлка. Мясцовыя ўлады абяцаюць пайсці дачнікам насустрач, але не раней вясны. Што тычыцца жылой забудовы ў раёне дачнага пасёлка, то, па словах чыноўнікаў, тут усё пралічана: дарозе будоўля не пагражае.
Сітуацыя ў пасёлку "Усход" чымсьці нагадвае тое, што адбываецца ўжо некалькі гадоў у вёсцы Руміна, пра што рабілі адмысловыя матэрыялы тэлеканал СТВ і радыёстанцыя "Рацыя". Там пытанне з дарогамі і прыпынкам стаіць яшчэ вастрэй - у адрозненне ад "Усходу", Руміна ня дачны пасёлак, а вёска, то бок месца пастаяннага пражывання людзей.