У аўторак беларусы паміналі продкаў, адведвалі могілкі, на якіх пахаваныя сваякі. Сайт tut.by зрабіў інфаграфіку пра ўзрост людзей і іх смяротнасць у розных рэгіёнах рэспублікі. У топ-10 раёнаў Беларусі з насельніцтвам, старэйшым за працаздольны ўзрост трапіла і Сенненшчына. Сенненскі раён займае 10-е месца ў рэйтынгу такіх раёнаў, 33,4% насельніцтва ў ім – пенсіянеры. Іншымі словамі, кожны трэці жыхар Сенненшчыны пераадолеў пенсійны бар’ер, хоць гэта і не заўсёды азначае, што чалавек не працуе. Наогул праблема асабліва закранае Віцебскую вобласць. Акрамя Сенненскага раёну ў гэты ж топ трапілі іншыя раёны дадзенай адміністратыўнай адзінкі — Бешанковіцкі, Вушацкі і Расонскі. Пры гэтым ні адзін з чатырох раёнаў не ўваходзіць у топ-5 самых “старых”.
Найбольшы адсотак насельніцтва пенсійнага веку ў Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласці, там 37,6 % людзей непрацаздольнага ўзросту. На другім месцы Бабруйскі Магілёўскай вобласці – 37,5 %, замыкае тройку Свіслацкі Гарадзенскай – роўна 37 %. Статыстыка пададзена адпаведна з апошнімі даследваннямі на 1 студзеня 2016 года. Радыкальна сітуацыя з тых часоў не змянілася.