Нагадаем, што ў мінулым годзе Днепр напаткала экалагічная катастрофа - з-за гніеня рассліннасці, выкліканае цёплым надвор'ем і разлівам вады. Запасы рыбы ў рацэ значна скараціліся, а пад канец года паміж Беларуссю і Расіяй была дасягнута дамоўленасць пра аднаўленне рыбных запасаў Дняпра шляхам штучнага зарыблення. Першы этап зарыблення распачаў беларускі бок. 12 мая каля вёскі Халаўе Дубровенскага раёна за кошт Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў у раку было выпушчана каля 300 кілаграмаў жывой рыбы, адмыслова выгадаванай у Жыткавіцкім раёне. 300 кілаграмаў было роўна 1.500 галовам сцерлядзі. Праўда парыбачыць аршанскім рыбакам на свежую рыбку не давядзецца: па-першае, у сувязі з нерастам (рыбу адмыслова выпускалі ў гэты перыяд) на Аршаншчыне забаронена рыбачыць да 8-га чэрвеня, па-другое сцерлядзь занесена ў Чырвоную кнігу і лавіць яе забаронена ў прынцыпе. Але гэтая рэдкая сёння рыба з'яўляецца для Дняпра тутэйшай - у пачатку 20-га стагоддзя яе лавілі ў нас у прамысловых масштабах і вылавілі. Такім чынам, ахоўнікі прыроды не толькі адновяць запасы рыбы, але і вернуць у раку рэдкую пароду.
Наступны этап зарыблення будзе залежыць ад расійскага боку - восенню расейцы павінны выпусціць у вярхоўі ракі наступную партыю рыбы. На працягу года-два ў Днепр плануецца выпусціць яшчэ 7.000 галоваў шчупака, 3.500 судака і яшчэ 2.000 сцерлядзі.
А пакуль запасы рыбы не адноўленыя і дзейнічае забарона на лоў, аматарам дабывання прыродных рэсурсаў сумаваць не давядзецца. Сёння - 15 мая - у Беларусі адкрыты сезон палявання на касуляў.
Па інфармацыі дзяржінспекцыі па ахове прыроднага і рассліннага свету