У 1991 годзе ў раённай "Аршанскай газеце" была адмысловая рубрыка "Мартыралог Аршаншчыны". Сведкі распавядалі пра страшныя гады сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку называліся канкрэтныя мясціны расстрэльных магілаў. Вось, напрыклад, сведчанне, якое даслаў у газету Ягораў Аляксандар Уладзіміравіч, п. Высокае:
"Гэта было ў трыццаць сёмым. Летам. Працаваў я тады на Багушэўскім спіртзаводзе ў Янове, і за мною былі замацаваныя дзве машыны – грузавая і легкавая. Аднойчы выклікае мяне дырэктар спіртзавода ды кажа: паедзеш у Багушэўскае НКВД, начальнік НКВД выклікае машыну. Прыехаўшы туды, я даведаўся, што справа наступнага парадку: нейкі палясоўшчык заўважыў у лесе след аўтамашыны, і думаючы, што мела месца нейкае лесапарушэнне, пайшоў па ім. Хутка ён убачыў раскіданую зямлю і капец. Ён адгарнуў мох і ўбачыў трупы людзей. Відавочна, у турме расстралялі, прывезлі ў лес і захавалі. Палясоўшчык далажыў пра гэта старшаму ляснічаму, а той патэлефанаваў у Багушэўскае НКВД. І вось мы паехалі ў Клюкаўку (тады Клюкаўка была Багушэўскага раёна). Прыязджаем мы на гэтае месца. Там вакол было шмат трупаў. Гэты начальнік НКВД сказаў: закрыйце раты і пра гэта не гаварыце нікому ні слова. Хацеў узяць распіску, але не ўзяў. Аднак строга папярэдзіў, што панясем адказнасць за выдаванне дзяржаўнай тайны. Гэтая магіла знаходзіца непадалёк шашы Орша-Віцебск усходней Клюкаўскага лясніцтва, у раёне пажарнай вышкі лясніцтва. Гэтую магілу ведаюць многія палясоўшчыкі гэтага лясніцтва."
Па нашых звестках, гэтыя пахаванні так і не былі вывучаныя навукоўцамі, само месца не мае ніякага помніка.
Вы таксама можаце падзяліцца сваёй гісторыяй пра тое, як сталінскія рэпрэсіі паўплывалі на лёс вашых родных. Для гэтага адпраўце свае кантакты і кароткае апісанне таго, што вы хацелі б расказаць на адрас нашага сайту: [email protected]. Валанцёры звяжуцца з вамі і дамовяцца на запіс гісторыі ў зручны для вас час.