Ратавальнікі Віцебскага аддзелу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях апублікавалі падрабязнасці пажару ў гаражы на вуліцы Якуба Коласа, які гарэў напярэдадні вечарам. Цэнтр аператыўнага кіравання атрымаў сігнал пра пажар у 20:31, брыгада ратавальнікаў адправілася на месца падзей. Калі пажарныя прыбылі да гаража па вуліцы Якуба Коласа, ён ужо гарэў адкрытым полымем, як і аўтамабіль "Форд Гэлаксі", што знаходзіўся ў ім. Але самае прыкрае — ў гаражы знаходзіўся гаспадар аўтамабіля, які самастойна спрабаваў патушыць пажар, але не разлічыў сілы. У выніку мужчына атрымаў апёк твару І-ІІ ступеняў 3% цела. Хуткая дапамога аператыўна даставіла мужчыну ў бальніцу.
У 20:44, гэта значыць, праз 13 хвілінаў пасля атрымання выкліку, пажарныя лакалізавалі агонь, а ў 21:05 пажар быў цалкам патушаны. У выніку агонь пашкодзіў дах гаража і маёмасць у ім, ад аўтамабіля застаўся толькі металічны каркас, што бачна на фотаздымках, апублікаваных службай МНС. Прычына, па якой узнік пажар, усталёўваецца. Многае можа высветліць размова з гаспадаром, які знаходзіцца ў бальніцы.