Адной з галоўных навін бягучага тыдня стаў гуказапіс, зроблены ў 31-й менскай гімназіі, дзе дзяцей прымушалі ўступаць у БРСМ, абражалі і пагражалі непаўналетнім. Аднак бацькі дзяцей чамусьці не звярнуліся ў праваахоўныя органы з просьбай даць прававую ацэнку такім відавочна незаконным дзеянням кіраўніцтва школы і настаўнікаў, а сама арганізацыя, якая называе сябе патрыятычнай, пачала адмаўляць усе абвінавачанні.
Затым пад тэгам #загонбрсм былі апублікаваныя дзясяткі паведамленняў з ухваленнем дзейнасці арганізацыі. Пад імі дзеці і юнакі прызнаваліся, што дзякуючы БРСМ набылі новыя знаёмствы, а некаторыя нават мэту ў жыцці. Карэспандэнты "Радыё Свабода", якому вучні 31-й сталічнай гімназіі і прыслалі скандальны аўдыёзапіс, паспрабавалі звязацца з 17 сакратарамі рэгіянальных ячэеек БРСМ, каб распытаць пра перавагі арганізацыі, але паўсюль атрымалі адмову альбо ігнараванне.
Амаль усе паведамленні з хвалой у бок БРСМ — аднатыпныя, складзеныя з адных і тых жа словаў і смайлаў. А большасць была апублікаваная аршанскай рэгіянальнай арганізацыяй. Знакава, што роўна 0% гэтых паведамленняў напісаныя па-беларуску, хаця раней у саюзе моладзі, што пазіцыяную сябе як беларуская патрыятычная арганізацыя, заяўлялі, што збіраюцца папулярызаваць беларускую мову сярод сваіх сябраў. Некаторыя паведамленні ўтрымліваюць грубыя граматычныя памылкі. Першая сакратар аршанскай арганізацыі Марыя Шматава ў прыватнай перапісцы адзначыла, што пад тэгам #загонбрсм "вельмі шмат негатыўнай інфармацыі". Аднак пры гэтым аршанскія "камсамольцы" адмовіліся казаць, ці добраахвотна яе сябры пакідалі такія паведамленні ў інтэрнэце.
Унізе — некалькі скрынаў такіх паведамленняў, у тым ліку і публікацыя з Інстаграма самой Марыі Шматавай. Раней, у 2015 годзе аршанская арганізацыя БРСМ праславілася правальнай акцыяй "Трель жаворонка шум ржи". Пасля таго відэа ў беларускім сегменце інтэрнэту з'явіўся шэраг вясёлых карцінак-мемаў.