У 2019 годзе "Выдавецкімі рашэннямі" па ліцэнзіі Ridero была выдадзена кніга "Орша и евреи". У кнізе змяшчаецца інфармацыя пра габрэйскае гета ў Оршы, якое было, па некаторых ацэнках, нават больш страшным за гета ў Менску, біяграфіі Хігрына, Ласкіна і іншых знакамітых выхадцаў з Оршы габрэйскага паходжання. Аўтар кнігі Маргарыта Акуліч згадвае, напрыклад, як габрэйская грамада Оршы, найперш рэлігійная абшчына хацела ўратаваць дом Барыса Ласкіна на вуліцы Менскай у самым цэнтры горада. Прапаноўвалася за ўласны кошт сачыць за домам і зрабіць там кавярню габрэйскай кухні, аднак улады горада праігнаравалі ўсе просьбы і сапраўды разумныя ідэі, якія маглі б прывабіць у Оршу турыстаў. Замест гэтага дом проста знеслі.
А таксама ў кнізе прыгадваецца наш сайт. Згадваецца ён у кантэксце "Ўспамінаў Іасялевіча" — рэдактара першай дэмакратычнай газеты горада "Оршанский вестник" Хайма Маісеявіча Іасялевіча. У свой час Алесь Шутаў знайшоў успаміны, запісаныя сынам Іасялевіча, і пачаў публікаваць такі важныя для гісторыі Оршы гісторыі на нашым сайце. З прыватных архіваў і дзённікаў інфармацыя стала вядомай тым, хто цікавіўся гісторыяй Аршаншчыны.
Лічым, што гэтыя публікацыі вартыя таго, каб зноў даць на іх спасылкі, тым больш з'явілася адпаведная нагода ў выглядзе кнігі "Орша и евреи" і згадкі там успамінаў Іасялевіча і нашага сайту. Успаміны друкаваліся на расейскай мове.