Лукашэнкаўскія суды працягваюць разгляды крымінальных справаў, заведзеных на ўдзельнікаў пратэстаў. 7 снежня суд Савецкага раёну Менску прысудзіў грамадзянку Швейцарыі і Беларусі Наталлю Хершэ да 2 гадоў 6 месяцаў зняволення за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу).
Справа тычылася жаночага маршу 19 верасьня. Тады ён праходзіў у сталіцы каля Камароўскага рынку. 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка. Паводле выраку суду яна павінна таксама выплаціць пацярпеламу 1000 рублёў. Спаатку пацярпелы амапавец Сяргей Кончык прасіў 100 рублёў у якасці кампенсацыі, але на судзе сума ў ягоных вуснах вырасла рэзка ў 10 разоў. Ён распавядаў пра маральныя пакуты ад таго, што яго пазналі на фотаздымках і казаў пра пашкоджаныя вока і балаклаву за 1 рубель.
Хершэ на судзе трымалася годна, нават бел-чырвона-белым адзеннем яскрава вылучалася ў залі паседжанняў. Жанчына не прызнала віны. У апошнім слове нараджэнка Оршы заявіла, што хоча бачыць Беларусь падобнай да Швейцарыі, у якой жыве ўжо шмат гадоў.
«Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе прынцыпы свабоды з'яўляюцца неабходнай умовай праўлення на ўсіх узроўнях улады, дзе правы свабоды слова і мірных сходаў дакладна вызначаныя Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай, дзе паліцэйскія не хаваюць сваіх твараў ад мірных дэманстрантаў. Менавіта такой я бачу маю радзіму – Беларусь будучыні, свабодную Беларусь».