Спявачка LEAR і яе прадусар Уладзіслаў Лепяшынскі, таксама вядомы ў беларускіх культурніцкіх колах як музыка і спявак, былі на канцэрце гурта «Разбітае сэрца пацана» на турыстычнай базе «Агеньчык» пад Смалявічамі. Канцэрт увечары 13 лютага разагнаў АМАП і затрымаў усіх выканаўцаў і слухачоў — агулам 68 чалавек, піша «Вясна».
59 чалавек даставілі ў Жодзінскі ІЧУ, на астатніх склалі пратаколы. У падрабязным спісе, які з’явіўся ў грамадскасці больш чым праз суткі пасля затрыманняў людзей, ёсць і Лепяшынскі, і Суравіцкая. Абое знаходзяцца ў ізалятары.
Калі адбудуцца суды над Валерыяй і Уладзіславам, пакуль не вядома. Але 72 гадзіны ад затрымання «законна» дазваляюць уладам правесці суды над творцамі ў аўторак, 16 лютага. Цалкам імаверна, што нікога з затрыманых нават ня будуць дастаўляць непасрэдна ў будынак суду — улады ўсе апошнія месяцы часта судзяць адміністратыўна затрыманых завочна, праз скайп, прыкрываючыся «захадамі па супрацьдзеянні каранавірусу».
Лепяшынскі паходзіць з Барані і пераважна вядомы дзякуючы ўдзелу ва ўжо няісным гурце «Лепшы квас», які ён сам і заснаваў. Суравіцкая з Балбасава, яна атрымала шырокую вядомасць пасля таго, як першай заспявала беларускі пераклад сусветнага хіту з серыялу «Вядзьмар».