Ад яе амаль не прыходзяць лісты, у жаночай калёніі ў Гомлі яе зьмяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, а прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Наталля Хершэ пісаць адмаўляецца.
Аршанку неўзабаве пасьля затрымання 19 верасня 2020 году праваабаронцы прызналі палітзняволенай. Тады яе затрымалі на жаночым маршы ў Менску, а 7 снежня асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за сарваную з АМАПаўца балаклаву.
Турэмны тэрмін нараджэнка Воршы адбывае ў папраўчай калоніі ў Гомлі. Яе брат Генадзь Касьян за апошнія чатары месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысцю для цела і розуму. Чытачы orsha.eu паведамляюць, што надзвычай рэдка атрымліваюць лісты Наталлі, яны не ўпэўненыя, што і да яе даходзяць іхныя лісты.
За час зняволення Хершэ паспела пабываць у штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў. Ейны брат здзіўляецца стойкасцю Наталлі, якая нягледзячы на далікатны целасклад не зламалася нават за год турмы і паказвае ўзор мужнасці.
З атрыманага ў верасні ліста Генадзь Касьян зрабіў выснову аб тым, што ў ПКТ Наталлю не займаюць працай, і ў яе ёсць больш вольнага часу для самаадукацыі. Падчас паўгадзінных прагулак яна займаецца спортам. Піша скаргі на ўмовы ўтрымання і просіць брата даведацца пра тое, што адбываецца з яе заявамі.
Наталлю Хершэ ўжо тройчы намаўлялі напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але яна катэгарычна адмовілася рабіць гэта. Сваёй віны яна не прызнае.