Бадай што кожны з нас нешта чуў пра раён Нью-Ёрку (ЗША) пад назвай Бруклін. А мабыць і быў у ім. Але значна меней аршанцаў ведаюць, што да стварэння сучаснага Брукліну прыклалі свае рукі нашы землякі — выхадцы з Воршы, многія з якіх былі габрэямі. Шэраг іх нашчадкаў жыве ў Брукліне і сёння, многія — члены вядомай на ўвесь свет хасідскай абшчыны «Хабад Любавіч».
У хасідскім квартале сучаснага Брукліну
Гэты велізарны рух юдэяў, між іншым, заснаваў яшчэ адным наш земляк — нараджэнец Лядоў рабін Шнэўр Залман бар-Барух. Беларускай і расейскай моваў сярод іх амаль ніхто ўжо не ведае, аднак яны зберагаюць старадаўнюю мову свайго народу — ідыш, на якім у Воршы гаварылі яшчэ ў 80-х, аднак пасля ён канчаткова знік з аршанскіх вуліц і двароў.
Рабін Шнэўр-Залман бар-Барух, заснавальнік любавіцкай плыні хасідызму
Ганенні на габрэйскі народ з боку царскай улады ў Расейскай імперыі, прыход нацыстаў, палітыка антысемітызму ў СССР спрычыніліся да некалькіх хваляў эміграцыі ў ЗША, з’язджалі ў тым ліку і аршанцы.
Раней Orsha.eu публікавала ўспаміны знанага аршанскага выдаўца Хайма Іасялевіча ў пяці частках.
У 1999 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі ў адным з часопісаў выйшлі эмігранцкія ўспаміны Гэры Калкіна пад назвай «Успаміны з дзяцінства ў Воршы». Наш сайт пачынае публікацыю перакладу тых успамінаў з ангельскай на беларускую мову.
---------------------------------------------------
Прадмова
Мой дзед Гэры Калкін, які памёр летась літаральна за некалькі тыдняў да свайго 100-годдзя, нарадзіўся ў 1898 годзе ў горадзе Ворша на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. На той час Ворша налічвала каля 14 тысяч жыхароў, з якіх каля паловы складалі габрэі.
Бацькі Гэры былі парай «красавік-снежань». Калі яны пажаніліся ў 1883 годзе, Аўраам Сілем Калкін быў 56-гадовым удаўцом, які перажыў дзвюх жонак і меў прынамсі двух дзяцей. Ягонай нявесце, Фэйдж Хені Кірсан, было ўсяго 17 гадоў. Гэры быў малодшым з іх шасці дзяцей і адзіным хлопчыкам. У інтэрв’ю Гэры спасылаецца на сваіх сясцёр і на свайго старэйшага зводнага брата Хайма Калкіна, які быў жанаты з малодшай зводнай сястрой сваёй маці Башы Кірсан. Гэта была сапраўды складаная сям’я!
Гэры іміграваў у Злучаныя Штаты ў 1910 годзе са сваёй аўдавелай маці і дзвюма старэйшымі сёстрамі. Яны пасяліліся ў Брукліне каля братавай вялікай сям’і. Там ён прайшоў школу і стаў архітэктарам. Са сваёй жонкай Эці Лаўкер Калкін ён выхаваў дваіх дзяцей і жыў у многіх месцах, уключаючы Вашынгтон, акруга Калумбія, зону Панамскага каналу і Ньюпарт-Ньюс, штат Вірджынія. Пасля выхаду на пенсію яны з Эці пераехалі ў Лос-Анджэлес, каб быць побач з дзецьмі і ўнукамі.
У снежні 1989 года я ўзяла ў яго інтэрв’ю пра яго ранняе дзяцінства ў Воршы, Беларусь, і пра жыццё пасля іміграцыі ў ЗША.
Занатавала Дэры Пэрлман.
Мой бацька
Мой бацька, Аўраам Сілем Калкін, улетку быў малярным падрадчыкам, а ўзімку — калі на зямлі ляжалі снег і лёд і людзі дрыжалі ад холаду — фарбы не было. Потым быў краўцом, рабіў футры. Мяркую, ён разлічваў, што да яго прыйдуць заможныя людзі, якія могуць дазволіць сабе футра, і яно ім пасуе. Таму яму трэба было даставаць кавалкі футра. Трэба было купляць шкуры ў сялян.
Затым шкуры трэба было вычысціць, што ён і рабіў у хатніх умовах. Адзін кавалак быў памерам са сцяну. Я памятаю, што ў яго ля сцяны была дошка, на якую ён нацягваў шкуры, забіваючы ў іх шмат цвікоў. Праз пэўны час шкуру з дошкі здымалі, і трэба было вырываць усе гэтыя маленькія цвікі. Раней мне падабалася вырываць іх пазногцямі! Я думаў, што гэта вельмі весела!
Футра, ілюстрацыйны здымак
Тое, як ён працаваў маляром, заключалася ў тым, што ён бярэ ўсю працу, якую трэба, па дамове, а потым аддае ў субарэнду іншую працу, каб маляваць. Аднойчы па дамове быў распісваў царкву — шпілі, разумееце, «цыбуліны» на расейскіх храмах?
Памятаю, улетку мама вяла мяне на рынак побач з царквой, і яна ўзняла вочы, а там, на «цыбуліне», была маленькая фігурка — мне падалося, што яна была ня большай за 6 цаляў у вышыню — і маці сказала: «Гэта твой бацька там наверсе». Яго прывязалі да крыжа на верхавіне «цыбуліны». Мяркую, што там наверсе былі люкі, каб выбрацца, ён прывязваў вяроўку да крыжа і вакол таліі і злазіў. Памятаю таксама, што ў іх была доўгая палка з прывязаным пэндзлем — так яны маглі фарбаваць шпілі.
Працяг будзе...