Цэлы шэраг беларускіх палітзняволеных, якіх у краіне ўжо звыш 1100 чалавек, у тым ліку Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» збіраюцца пераводзіць у «крытую» турму.
Праваабаронцам стала вядома, што 12 красавіка ў судзе гораду Наваполацку разгледзяць справу «аб пераводзе Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Ірыны Шчаснай у папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму».
Рашэнне будзе прымаць суддзя Ірына Жарова. Верагодна, іх збіраюцца пераводзіць на «турэмны» рэжым. Пра гэта раней паведамляў сваёй жонцы Яўген Афнагель.
У траўні 2021 году сямі палітвязням прысудзілі ад 4 да 7 гадоў калоніі. Вядома толькі, што іх абвінавачвалі па некалькіх частках «пратэставага» артыкула 293 Крымінальнага кодэксу, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Тады Севярынцу прысудзілі 7 гадоў турмЫ, а Казлову 5 гадоў.