Смерць начальніка аршанскай міліцыі выклікала супярэчлівыя пачуцці ў беларусаў. Хтосьці прыгадваў ягоны ўдзел у рэпрэсіях, пачынаючы з 2020 году, хтосьці казаў, што нельга здзекавацца са смерці і варта ўшанаваць памяць раптоўна памерлага міліцыянта. Да першых, за каментары і падабайкі сталі прыходзіць сілавікі.
9 лютага стала вядома пра тое, што затрымалі 31-гадовага жыхара Полацка Іллю Мацэвушава за негатыўны каментар пра Сяргея Барвянкова. Цяпер сілавікі затрымалі яшчэ аднаго жыхара Віцебскай вобласці, прычым нават не за каментар, а за пастаўленую падабайку пад фота з навіной пра памерлага на так званым «экстрэмісцкім» сайце. З мужчынам запісалі відэа.
Начальнік міліцыі Воршы Сяргей Барвянкоў раптоўна памёр 4 лютага, калі ў яго на працы прыхапіла сэрца. Ён узначальваў Талачынскую міліцыю, а затым прыйшоў у Аршанскую. Быў дэпутатам райсавету.
Гэта не першая асоба сярод сілавікоў Аршаншчыны, за каментары ці падабайкі пра якую затрымліваюць людзей. Калі ў 2021 годзе жыццё забагубствам скончыў начальнік наркакантролю Руслан Кавальчук, тады па краіне прайшла хваля затрыманняў у сувязі з каментарамі пра ягоную смерць.