Як анансаваў Orsha.eu, наша рэдакцыя пачынае публікацыю новых успамінаў пра Воршу, якія яшчэ не перакладаліся на нашу мову. У першай частцы — каштоўныя звесткі пра сям’ю аўтара і сінагогі, якія былі ў Воршы ў свой час. Даем слова аўтару ўспамінаў:
Мяне завуць Абрагам Герсан Эпштэйн. Я нарадзіўся 4 студзеня 1910 года ў Капенгагене. Маім бацькам быў Залман Маўсевіц (= сын Майсея) Эпштэйн, які нарадзіўся ў Воршы нібыта ў 1884 годзе. Мая маці была Дзіна Рыва Берман, якая верагодна нарадзілася 10 сакавіка 1887 года. Першапачаткова яе прозвішча было Горшэль, якое з’яўляецца памяншальным ад Герсан.
У мяне была сястра Ліза, якая нарадзілася 5 лістапада 1911 г., памерла 22 красавіка 1965 г., і брат Леапольд, які нарадзіўся 18 лістапада 1913 г., памёр 18 лютага 1987 г.
Наш дзед быў Майсей Эпштэйн (памёр у 1917 г.). Яму і ягонаму стрыечнаму брату Урэ было месца ў першых радах сінагогі.
У Воршы тады працавалі наступныя сінагогі:
1. Мішнадыцкая сінагога (di misnagdische schul)
2. Хасідская сінагога (di chasidische schul), куды мой дзед прыходзіў два разы на дзень і пры якой была ешыва, якой карысталася наша сям’я.
Акрамя таго, было дзве ці тры іншыя сінагогі.
Мой дзядзька Луіс (Лозэр), мой бацька і Мікаэль (Мішэль) хадзілі ў Хедэр у хасідскай сінагозе. Не выключана, што хасідская сінагога мела назву «барэхская шуль» або «Рэб Барэх шуль». Акрамя наведвання Хедэру хлопцы таксама хадзілі ў Талмуд-Тору. Дома настаўніца вучыла дзяўчынак ідыш і расейскай мовам, таксама яны вучыліся арыфметыцы і шыццю.
Некаторыя паняцці:
Хедэр (חדר) — пачатковая габрэйская школа, пакой. У хедэры, як у школах талмуд-тора, вучыліся толькі хлопчыкі. Хедэр быў прыватнай школай, і яго настаўнікі (меламеды) атрымлівалі плату ад бацькоў. Юдэйская грамада кантралявала навучанне ў хедары і вызначала пэўныя правілы і абмежаванні прыватнай ініцыятыве меламеда. Свецкія дысцыпліны ў хедэры не вывучаліся. Заняткі праходзілі зранку да 7-8 гадзін вечара. Практыкаваліся цялесныя пакаранні свавольных вучняў, для чаго быў спецыяльны бізун (канчык). Па заканчэнні хедэра юнак мог пад кіраўніцтвам рабіна або адукаваых членаў грамады працягнуць вывучэнне Талмуда ў сінагозе (бэйс-мідраш) або паступіць у ешыбот. Аднак для значнай часткі жыхароў штэтла (мястэчка) адукацыя абмяжоўвалася навучаннем у хедэры.
Талмуд-Тора (תַּלְמוּד-תּוֹרָה) — грамадовая ўстанова для падтрымкі бедных дзяцей, чые бацькі не маглі ўносіць плату за навучанне. Тут вывучалі іўрыт, «дзве Торы» — пісьмовае, гэта значыць Пяцікніжжа Майсея, або ўвесь Танах, і вуснае, гэта значыць Мішна, асноўная частка Талмуда, і Гемара — каментары да Мішны. Асноўнай мэтай была традыцыйная рэлігійная асвета, але вучылі таксама арыфметыцы. У 13 гадоў таленавіты навучэнец мог паступіць у ешыву. Іншыя, звычайна, ішлі займацца рамяством ці наймаліся на прыватную службу.
На выяве: захаваны будынак хедэру ў Дзяржынску (Койданаве), Рэспубліка Беларусь. Фота 2020 года.