Ад нас сыходзяць найлепшыя. У іншы свет пайшоў вядомы грамадскі дзеяч Юрый Нагорны. Нястомнае змаганне за беларускую праўду, за нацыянальную культуру, а не эрзац чужой, мела свой плён нават нягледзячы на сур'ёзныя перашкоды, што выстаўляла ўлада. Да апошніх дзён Юры Нагорны жыў актыўна, кіраваў аўтамабілем, ладзіў культурніцкія імпрэзы, размаўляў пра важныя справы. Браў лідарскі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў і абмеркаванняў.
Калі Юры Нагорны быў мэрам Барані, яму ўдалося дэкамунізаваць горад, вуліцы, названыя ў гонар камуністычных катаў і проста дзеячоў далёкіх ад Беларусі, сталі звацца ў гонар сапраўдных беларускіх герояў, у тым ліку тых, хто мае непасрэную сувязь з Баранню і Аршаншчынай. Вуліцы нібыта ўдыхнулі свежае паветра, паветра вольнай і беларускай Беларусі, дзе будзе месца ўсім, хто любіць наш Край.
Летась у лютым наш сайт зрабіў з ім юбілейнае інтэрв'ю, тады Юрыю Аляксандравічу споўнілася 70 гадоў. Тады размова атрымалася настолькі ўдалай і насычанай, што не было іншага выйсця, акрамя як падзяліць яе на дзве публікацыі. Прапануем нашым чытачам яшчэ раз прачытаць інтэрв'ю ў дзвюх частках і ўзгадаць, наколькі актыўнай была дзейнасць Юрыя Нагорнага і як шмат ён паспеў зрабіць для Беларусі.