Шаноўныя аршанцы! Дарагія чытачы Orsha.eu!
Год 2022-гі пакінуў на сэрцы нямала шнараў: кагосьці затрымлівалі, хтосьці дагэтуль за кратамі, хтосьці моцна адчуў наступствы новай хвалі эканамічных праблем. Але за гэты год мы шмат чаму навучыліся, нехта стаў больш цярплівым, нехта дамогся прагрэсу ў адукацыі, нехта папоўніў сваю сям’ю новымі членамі з верай у будучыню.
Наш сайт перажыў адзін з самых складаных гадоў у сваёй дзейнасці. Складаная сітуацыя ў Беларусі прымушае нас пісаць так шмат пра палітзняволеных, пра людзей, якіх напаткалі складанасці. Але ўва многім дзякуючы нашым чытачам сайт не спыняе пісаць і пра надзённыя, бытавыя праблемы горада. Мы просім вас у наступным годзе яшчэ часцей паведамляць нам пра тое, з чым сутыкаецеся, якія нявырашаныя праблемы маеце. А таксама дзяліцца радасцю, бо ва ўсе часы ў Воршы адбываюцца і прыемныя падзеі, знакавыя, гістарычныя. Сталая камунікацыя Orsha.eu з чытачамі — зарок, мэта, якую мы задалі сабе яшчэ ў першыя гады працы. Нам важна, што думаеце вы, для нас істотна, якія праблемы хвалюць аршанцаў.
Наша рэдакцыя і ў 2023 годзе будзе шукаць для вас важную інфармацыю, апавяшчаем пра падзеі ў Воршы і на Аршаншчыне. Шаноўныя чытачы, заставайце з намі, любіце сваіх блізкіх, утрымлівайце агмень у сваім коле, няхай вашыя сэрцы грэюць адно аднаго. Зразумейце, як важна мець задачы і рухацца да іх выканання, нягледзячы на ўсе праблемы. Шануйце Беларусь, ратуйце Беларусь, трымайце Беларусь у сэрцы. Займаючыся важнымі справамі, справамі паклікання, не забывайце і пра звычайныя словы любові і прыхільнасці сваім блізкім, калегам, сябрам.
З Новым годам! Няхай у 2023-м вашыя сэрцы напоўняцца большай любоўю і разуменнем. Ведайце свае карані, клапаціцеся пра блізкіх, дбайце пра сябе і наваколле, правільна расстаўляйце прыярытэты! Будзьце шчаслівыя, родныя землякі!