Аўтапрабег супраць абортаў адбыўся ў Віцебску 1 чэрвеня — у дзень абароны дзяцей. Дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы" разам з грамадскай арганізацыяй "Лінія жыцця" зладзілі ў абласным цэнтры акцыю, каб прыцягнуць увагу людзей да адной з найбуйнейшых праблем сучаснай Беларусі. Як адзначаюць арганізатары на сайце дабрачыннага фонду, чакаць дазволу на трэці аўтапрабег супраць абортаў давялося некалькі гадоў, прычым дазвол быў дадзены толькі за дзве гадзіны да меркаванага пачатку прабегу. Ён быў дазволены, і ў выніку 10 аўтамабіляў адправіліся па Віцебску са сцягамі і тэматычнымі налепкамі і значкамі.
Асобым госцем мерапрыемства стаў аршанскі бізнэсовец Аляксей Талай, які ў 16 гадоў пазбавіўся рук і ног, але не расчараваўся ў жыцці і стаў паспяховым чалавекам і шматдзетным татам.
Скончыўся аўтапрабег на плошчы каля помніка Уладзіміру Леніну. Месца заканчэння было абранае нездарма — менавіта Савецкая Расея пад кіраўніцтвам Леніна ў 1920 годзе стала першай дзяржавай на планеце, якая афіцыйна дазволіла рабіць аборты, што многія людзі лічаць забойствам чалавека.
Валанцёры каля помніка выпусцілі шмат паветраных шарыкаў, удзельнікі аўтапрабегу разлічваюць, што беларускае грамадства будзе здаровым і будзе выступаць супраць абортаў.