У апошнім туры першага кола футбалісты "Оршы" на Гарадскім стадыёне прымалі светлагорскі "Хімік". Перамагчы каманду з Гомельскай вобласці, якая ідзе ніжэй за "сіня-белых" у табліцы, аршанцы не здолелі, хаця цэлых 63 хвіліны ў іх было на аднаго футбаліста больш пасля выдалення гульца "Хіміка". Светлагорцы выйшлі наперад ужо на 5-й хвіліне, вызначыўся Вашкель. На 27-й хвіліне гулец "сонечных" Палякоў быў выдалены за фол апошняй надзеі, чырвоная картка і пенальці. Аляксей Хадневіч упэўнена рэалізуе пенальці - 1:1.
У другой палове светлагорцы зноў парушылі правілы ў штрафной плошчы, другі пенальці. Да 11-метровай пазнакі зноў падышоў Аляксей Хадневіч. Але на гэты раз удар форварда з "кропкі" атрымаўся кепскім - мяч пайшоў вышэй за браму.
"Орша" нярэдка спрабавала атакаваць праз флангі, аднак гульня Гігевіча і іншых футбалістаў зусім не ўразіла, большасць прастрэлаў і навесаў былі далёкімі ад ідэальных, абаронцы і брамнік "Хіміка" лёгка спраўляліся з выклікамі. Пару разоў памыліўся на выхадах галкіпер аршанцаў Вячаслаў Камінскі, які вярнуўся на поле пасля прастуды. Гэта ледзь не прывяло да галоў. У канцы гульні, нягледзячы на колькасную перавагу, больш сілаў захавалі "чырвона-белыя", якія пайшлі на штурм аршанскай брамы. Толькі фартуна ўратавала "Оршу" ад пройгрышу ў матчы. Нічыя 1:1. Варта адзначыць, што за "Оршу" дэбютавалі Аляксандр Кучараў і Захар Волкаў, узятыя ў арэнду ў "Віцебска".
Састаў "Оршы": Камінскі - Пракопчык, Вусачоў, Магаль, Волкаў, Знак, Кучараў (Чарнуха), Гігевіч (Кітаёў), Хадневіч (Жданок), Грачыха, Мараў.