У сувязі з акцыямі недармаедаў, якія пракатваюцца па Беларусі, працуюць не толькі сілавікі і суды, якія, адпаведна, затрымліваюць і асуджаюць актывістаў на штрафы і суткі, але і прапагандысты з дзяржаўнай прэсы. Нядаўна канал "Беларусь-1", які ў народзе па-ранейшаму называюць БТ, зрабіў дакументальны прапагандысцкі фільм "Звонок другу", у якім звязаў маршы абураных падаткам на дармаедаў беларусаў з украінскім Майданам, вайной, іншаземнымі эмісарамі, чужымі грашыма і іншымі падзеямі. Апоўдні 11-га сакавіка, якраз за суткі да "Маршу недармаедаў", які адбудзецца ў Оршы на Цэнтральнай плошчы 12-га сакавіка а 13:00, аршанскі прыватны тэлеканал СКІФ зрабіў рэтрансляцыю прапагандысцкага фільма БТ.
Храналогія запалохвання грамадскіх актывістаў і звычайных грамадзянаў Оршы расце. Спачатку на мяжы быў затрыманы рэдактар нашага сайта Ігар Казмерчак, увечары 6-га сакавіка адбыўся ператрус на офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў і па сумяшчальніцтве рэдакцыі нашага сайту, канфіскавана ўся тэхніка. Затым побач з Цэнтральнай плошчай улады развешалі гукаўзмацняльнікі і паспрабавалі, наколькі гучна яны працуюць, апошнія дні перад акцыяй у цэнтры горада праз іх гучна чуваць расейскую поп-музыку. Нарэшце, да справы залучаны і тэлеканал СКІФ, які рэтранслюе прапагандысцкі фільм БТ.
Цікава, што прадстаўнікі СКІФа наведваюць пратэсты ў Оршы, чакаецца іх прыход і на акцыю 12 сакавіка. Таксама здымалі яны, да прыкладу, маўклівыя акцыі, калі людзі пратэставалі супраць улады простым плясканнем у далоні. Але пры гэтым ніколі відэа, адзнятае СКІФам, не ідзе ў эфір гэтага канала. Затое ў 2006 годзе, падчас судовага працэсу над Мікалаем Разумавым, відэа, адзнятае аператарам СКІФа, выкарыстоўвалася абвінаваўчым бокам.
Тым не менш, 12-га сакавіка на Цэнтральнай плошчы Оршы а 13:00 чакаецца прысутнасць і незалежных журналістаў, якія не працуюць у мэтах дзяржаўнае прапаганды.
У тэму: Як супрацьстаяць запалохванням?