6-га ліпеня на Гарадскім стадыёне аршанцы сустрэліся з мазырскай "Славіяй". Каманда Вышэйшай лігі, безумоўна, заўжды аўтарытэтная, але аршанцы правялі цудоўны матч, нечакана паказаўшы і дастатковую фізічную падрыхтаванасць, і псіхалагічны настрой. Доўгі час лік у гульні быў нічыйным 0:0, але на 73-й хвіліне мазыране парушылі правілы ў сваёй штрафной плошчы. Да "кропкі" падышоў Аляксей Хадневіч і рэалізаваў пенальці - 1:0! Прапусцілі аршанцы ў наступнай жа атацы "Славіі" — гол рукой забіў Біран Ндой, за што і атрымаў другую жоўтую картку, а ўслед за ёй і чырвоную. У апошнія хвіліны аршанцы дзейнічалі не менш упэўнена, чым дагэтуль. Але "Славіі" ў меншасці ўсё ж удалося зраўняць лік - на 90+1 хвіліне Катляроў удала прабіў галавой, ніхто з абаронцаў "Оршы" не паспеў яму перашкодзіць. Нічыя 1:1, аршанцы ўпусцілі перамогу ў асноўны час, зноў, як і ўва многіх матчах чэмпіянату, прапусціўшы ў канцы. Мячы, прапушчаныя на апошніх хвілінах сёлета сталі проста бядой "сіня-белых".
Перад дадатковымі двума таймамі па 15 хвілін заўзятары "Оршы" баяліся, што фізічнай падрыхтоўкі камандзе не хопіць, а псіхалагічны фон сапсуе гол, прапушчаны ў самым канцы. Аднак, на шчасце, публіка памылялася. Гульцы выйшлі на дадатковы час не менш зараджанымі і працягвалі востра атакаваць браму Сямука. Забіць ніводнай камандзе не ўдалося, і тады была прызначаная серыя 11-метровых удараў. У ёй аршанцы перамаглі 4:3! Галы з 11-метровых забівалі Гігевіч, Шчарбакоў, Пракопчык і Кітаёў. "Орша" ў 1/8 фіналу!
Склад "Оршы": Харытонаў, Пракопчык, Плясуноў, Вараб'ёў (Кітаёў, 118), Пячэнін, Кухаронак, Жданок (Мінянкоў, 80), Мараў, Краўчук (Гігевіч, 115), Знак (Шчарбакоў, 68), Хадневіч.