Супольныя вайсковыя вучэнні Літвы і Польшчы, што прайшлі перад самітам NATO у Вільні, і вучэнні, якія ідуць цяпер, прадугледжваюць максімальна частае перамяшчэнне польскіх сілаў цераз мяжу, а таксама супольныя дзеянні зь літоўскім войскам. Польшча і Літва пад пагрозай магчымага нападу Расеі праз Сувальскі калідор зацвердзілі супольны план яго абароны, які назвалі «Аршанскім планам».
Як паведаміла выданьне LRT, план зацвердзілі яшчэ ў 2022 годзе, але большая ягоная частка засакрэчаная.
Летась у жніўні Беларусь правяла камандна-штабное вучэнне з 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадай на Гожскім палігоне ў Гарадзенскай вобласці. Ён за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад межаў з Польшчай і Літвой. Непадалёк — так званы Сувальскі калідор (памежныя тэрыторыі Польшчы і Літвы, які месцяцца паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградскай вобласцю Расеі).
Відавочна, што план назвалі «Аршанскім» нездарма. Для гісторыяграфіі Літвы і Польшчы назва нашага горада — важны пункт. Ён нагадвае пра супольную перамогу Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над маскавітамі на рэчцы Крапіўне пад Воршай у 1514 годзе. Гэта вялікая падзея перадусім вялікая для гісторыі Беларусі, але цяперашнімі ўладамі, якія праводзяць палітыку русіфікацыі і ўвялі супольныя з расейцамі падручнікі па прадемце «Гісторыя», дзень 8 верасня не шануецца.