03:00

-1

2 м/с

979 гПа

06:00

-1

3 м/с

978 гПа

09:00

-1

5 м/с

979 гПа

12:00

-0

5 м/с

981 гПа

15:00

-0

5 м/с

982 гПа

Орша, Политика

Пратэсты ў Оршы

12.03.2017 17:02

14558 просмотров, 27 комментариев

У Оршы — масавыя пратэсты супраць улады Лукашэнкі. Затрыманні, ператрусы і запалохванні не перашкаджаюць людзям.

У нашым горадзе 12-га сакавіка адбыўся самы масавы пратэст супраць уладаў за апошнія 16 гадоў. Вясной 2001 года каля 100 чалавек правялі ў Оршы “Марш свабоды”, калі прайшлі ад аркі гарадскога парку да кінатэатру “Перамога”. Затым горад пагрузіўся ў адносны спакой, аршанцы па-ранейшаму пратэставалі супраць уладаў, але рабілі гэта ў Віцебску і Менску. Цяпер цярпенне народа лопнула, і 12-га сакавіка болей за 1 000 чалавек выйшлі на першую за доўгі час акцыю пратэсту — “Марш недармаедаў”. Востры недахоп працоўных месцаў, прымус улады плаціць незразумелы і антыканстытуцыйны падатак на “дармаедства”, закінутыя прадпрыемствы, якіх у Оршы даўно больш за працуючыя, пенсійная рэформа — ўсё гэта спрычынілася да масавых пратэстаў.

Першы ў храналагічным парадку эпізод, першы “званочак” празвінеў яшчэ ў пачатку сакавіка, калі на польска-беларускай мяжы абшукалі рэдактара Orsha.eu і сябра Партыі БНФ Ігара Казмерчака. Увечары 6-га сакавіка адбыўся ператрус на офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў Оршы, канфіскавана ўся тэхніка. Затым невядомыя людзі ўскрылі сейф грамадскага актывіста, сябра кампаніі “Гавары праўду!” Ігара Грышанава, тут таксама падазраюць працу нешэраговых людзей. Аднак, як і чакалася, пік міліцэйскіх аблаваў і затрыманняў прыйшоўся на дзень 12-га сакавіка.

Яшчэ раніцай міліцыянты пагрукалі ў кватэры сябра Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Канстанціна Анташкевіча і незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава. На кватэрах праведзеныя ператрусы. Як паведаміў Арцём Сізінцаў, у пастанове на вобшук значылася імя старшага лейтэнанта юстыцыі “Борисёнок С.И.” Ператрус у Канстанціна Анташкевіча скончыўся крыху раней, у Сізінцава трываў да 12:10, пасля чаго супрацоўнікі міліцыі дапыталі журналіста па справе фальшываманетчыкаў, якіх міліцыя не ў сілах знайсці ўжо каля 4-х месяцаў, затое “раптам” атрымала “сігналы” пра верагоднасць знаходжання несапраўдных купюраў у дамах грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі Лаўрушкін і Шыбека, паводле словаў журналіста, паводзілі сябе культурна, ніякіх пагрозаў у адрас Арцёма Сізінцава не было. Натуральна, ніякіх вынікаў ператрус у кватэры, дзе Арцём пражывае са сваёй маці, не даў. На патрабаванне Сізінцава, пратакол допыту вёўся на беларускай мове.

Але не адзінымі ператрусамі міліцыя падрыхтавалася да акцыі пратэсту. Па адрасах, дзе прапісаныя рэдактар Orsha.eu Ігар Казмерчак, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Ігнаценка і актывіст Партыі БНФ Віталь Паўлаў ад самай раніцы дзяжурылі машыны з “людзьмі ў чорным”. На сваёй машыне ранкам быў затрыманы каардынатар партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя па Оршы Яўген Анішчанка. Такі самы лёс напаткаў і актывіста “Гавары праўду” Ігара Грышанава. У горадзе Дуброўна таксама быў затрыманы актывіст АГП. Журналістка naviny.by Адар’я Гуштын паведаміла, што ад Талачына за ёй цікавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Па прыбыцці на чыгуначны вакзал Оршы яе і фатографа газеты “Наша Ніва” Сяргея Гудзіліна затрымалі, адабралі пашпарты і адвялі ў пастарунак. Праз нейкі час дазволілі пад канвоем паабедаць. Адпусцілі іх толькі пасля сканчэння акцыі ў цэнтры горада. Акрамя таго, блакаваным на чыгуначным вакзале Оршы на некаторы час аказаўся і журналіст “Народных навінаў Віцебска” Сяржук Серабро.

На фота: Яўген Анішчанка.

Сама акцыя сабрала, па некаторых ацэнках, каля 800 чалавек. Людзі згуртаваліся на Цэнтральнай плошчы горада, і ў гэты самы момант музыка, расейская “папса”, стала гучаць з гукаўзмацняльнікаў напоўніцу. Праз пэўны час людзі скіраваліся да будынка Аршанскага райвыканкаму, дзе рашуча заявілі пра свой пратэст уладам краіны, якія замест вырашэння сацыяльных праблемаў затрымліваюць актывістаў, даюць ім суткі арышту і шматлікія штрафы. На ганку выканкама іх сустрэў намеснік мэра Оршы Лісоўскага. Аднак доўга выступаць перад людзьмі Алег Смірноўскі не збіраўся, нічога ўцямнага людзям не сказаў, акрамя запрашэння да дыялогу з часткай грамады ў будынку выканкама. Але людзі адмовіліся дзяліцца, тым больш ужо было вядома пра затрыманні і ператрусы. Акрамя таго, аршанцы бязлістасна асвісталі Смірноўскага.

Праваабаронца Васіль Бераснеў прынёс макет “паведамлення аб аплаце падатку на дармаедства” і парваў яго пад авацыю Плошчы. Ён даў кантакты юрыстаў незалежнага прафсаюза РЭП і Хельсінскага камітэта для тых, каму трэба юрыдычная дапамога.

Пасля акцыі журналісты тэлеканала “Белсат” паехалі з горада разам з сустаршынём Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам, які ўсё ж здолеў дабрацца да Оршы скрозь масіраваныя кардоны ДАІ, міліцыі і АМАПу і выступіў перад райвыканкамам, заклікаючы Лукашэнку сыходзіць у адстаўку, пакуль народ не раззлаваўся канчаткова. Але вуліцы 1 Мая, каля школы № 3 аўтамабіль, у якім аршанец Ігар Нірман вёз Паўла Севярынца, быў спынены супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ.

Капітан назваў сваё прозвішча “Курган”, а ў машыне, якая спыняла актывістаў, было шмат сімволікі суседняй дзяржавы – Расеі.

Капітан Курган у цэнтры здымка.

Аўтамабіль, які затрымліваў Паўла Севярынца, абвешаны расейскай сімволікай. У інтарэсах якой дзяржавы працуюць дадзеныя людзі ў пагонах?

Пры гэтым Курган праігнараваў зварот Паўла Севярынца і не стаў размаўляць з палітыкам на беларускай мове, хаця некаторыя яго калегі ў такіх выпадках, наадварот, дэманструюць уменне размаўляць мовай беларускага народа. У выніку Паўла Севярынца адвезлі ў Аршанскі РАУС, таксама затрымалі і аператара “Белсату” Аляксандра Баразенку, хаця ён прад’явіў свае дакументы. Тады ж з’явілася інфармацыя пра затрыманне карэспандэнта “Радыё Свабода” Галіны Абакунчык. Ужо ў РАУСе была затрымана карэспандэнт “Белсату” Кацярына Андрэева. Яна запатрабавала ад супрацоўнікаў, якія выдавалі сябе за міліцыянтаў, прад’явіць пасведчанні, аднак яны таго не зрабілі.

Таксама пасля акцыі затрыманы як мінімум адзін няпоўнагадовы аршанец, на фота, які зрабіла “Наша Ніва” ён з інспектарам па справах непаўнагадовых па прозвішчы Вішнеўскі (міліцыянт у цэнтры здымка, у цёмна-зялёнай куртцы).

У выніку дзеянняў міліцыянтаў была сарваная анлайн-трансляцыя сайту Orsha.eu, а наўпроставы эфір тэлеканала “Белсат” меў вялікія праблемы з трансляцыяй з-за кепскага інтэрнэт-злучэння. Ёсць падазрэнне, што мабільныя аператары на загад сілавікоў “глушылі” сувязь у цэнтры Оршы. Пасля акцыі на адным з прыпынкаў быў затрыманы праваабаронца Васіль Бераснеў.

Акцыя сабрала звыш 1 000 чалавек. Людзі справядліва абураліся, чаму яны павінны плаціць падаткі, калі ўлада не можа працаўладкаваць іх? Многія аршанцы злыя ад таго, што ў Оршы заводы і фабрыкі стаяць, альбо працуюць не на поўную магутнасць, з-за гэтага яны вымушаныя працаваць у Расеі. На акцыі прысутнічалі людзі, чые сваякі былі альбо падманутыя ў Расеі, альбо зніклі там ці былі нават забітыя. Прысутныя скандавалі “Жыве Беларусь!”, "Нет декрету № 3, Лукашенко уходи", "Далоў халуёў!" і патрабавалі ад Лукашэнкі сысці ў адстаўку.

17:06 Стала вядома яшчэ пра некаторых затрыманых. У камерах папярэдняга зняволення знаходзяцца грамадскія актывісты і журналісты Віктар Міхасёў і Віктар Андрэеў.

17:09 Журналістам Orsha.eu удалося высветліць, затрыманы няпоўнагадовы хлопец — сапраўды аршанец, ён не ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, а займаўся у рэпетытара. Трапіўся пад "гарачую руку" супрацоўнікам міліцыі.

17:19 Затрыманы журналіст інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

17:26 Яшчэ адно затрыманне: міліцыянты не адпусцілі з Оршы блогерку Насту Пілюгіну.

17:32 Ніякіх рэчаў зняволеным перадаваць не дазваляюць, салідарных просяць пакінуць памяшканне міліцыі на вуліцы Энгельса. 13-га сакавіка аб 11:00 — суд над Ігарам Грышанавым. Просьба да ўсіх неабыякавых прыйсці ў будынак суда і падтрымаць чалавека!

17:38 Адзін з жыхароў Оршы, які запісваў "Марш недармаедаў" на сваю камеру, паведамляе ў сацыяльных сетках пра тое, што пасля акцыі да яго падышлі міліцыянты і ў грубай форме з прымяненнем нецэнзурнай лексікі спрабавалі адабраць камеру. Ім гэта не ўдалося.

17:42 Да міліцыі ў Оршы практычна немагчыма датэлефанавацца. Тэлефоны не бяруць.

17:46 Як стала вядома, аператар тэлеканалу "Белсат" Аляксандр Баразенка атрымаў штраф у 23 рублі і адпушчаны на волю. А вось карэспандэнтцы гэтага ж канала Кацярыне Андрэевай пагражаюць арыштам на 15 сутак.

17:52 Журналістка naviny.by Адар'я Гуштын у сваім фэйсбуку апавядае пра працу міліцыянта Дзмітрыя Вішнеўскага. Ён нібы небяспечнага злачынцу затрымаў маладзёна, які проста ішоў да рэпетытара!

17:55 Пасля акцыі былі затрыманы грамадзянскія актывісты з Горак Андрэй Юркоў і Валерый Кісялевіч. За імі сачылі да самай машыны, а потым актывісты былі спынены супрацоўнікамі ДАІ.

18:04 Вядомы палітвязень Эдуард Пальчыс, які вядзе сайт 1863x.com, выказваецца ў сваім твітэры наконт пратэстаў. У прыватнасці, кажа "Ни в одном городе такой жести не было".

18:09 Чытачы Orsha.eu пішуць на нашы ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках: На некаторых прадпрыемствах Оршы сёння нечакана абвясцілі...працоўны дзень! Нават на тых, дзе і ў будныя дні працы мала. Чыста выпадкова?

18:14 Адзін з супрацоўнікаў нашага сайту: "Які ж інфармацыйны вадаспад чакае вызваленых з-пад варты потым! Там, у міліцыі, яны зараз хапаюць любую вестку, востры недахоп інфармацыі. А потым выйдуць — і столькі ўсяго адразу наваліцца. Але выйдуць, і зразумеюць — іх атачае ўсеагульная салідарнасць. Амаль не засталося зашораных людзей".

18:22 Журналіст Арцём Сізінцаў, які супрацоўнічае і з нашым сайтам, і ў кватэры якога сёння адбыўся вобшук, у сваім фэйсбуку называе затрыманні і ператрусы ў Оршы 12-га сакавіка ганьбай.

18:29 Блогер Buračok‏ у твітэры піша аб тым, што ўлада фактычна сама правакуе людзей масава выходзіць на Плошчу. У асноўным рукамі Шчоткінай і Шуневіча.

18:36 Блогерка Наста Пілюгіна адпушчаная з міліцыі. Паведамляе ў сацсетках, што за ёй па горадзе едзе белы мікрааўтобус, дзе сядзіць мужчына з рацыяй.

18:49 Вось гэты міліцыянт сёння затрымаў на падставе праверкі дакументаў журналістку naviny.by Адар'ю Гуштын, журналістку tut.by Таццяну Матвееву і фатографа "Нашай Нівы" Сяргея Гудзіліна. Назваўся "лейтэнант Шарай".

19:01 Яўген Анішчанка на волі. Акрамя таго, актывіст БХД паспеў яшчэ ўбачыць затрыманне Васіля Бераснева.

19:07 У каментары для Orsha.eu Яўген Анішчанка распавёў акалічнасці свайго затрымання: "Раніцай па ўсіх адрасах, дзе я мог бы знаходзіцца, прыйшлі міліцыянты. Паказвалі пастанову на вобшук, нібыта, у мяне могуць быць дома нейкія рэчы. Ніхто ім не адчыніў, у выніку міліцыянты сядзелі ля парогу ажно да 16 гадзін. Мяне ж спынілі на машыне на пад'ездзе да плошчы. Прасілі прад'явіць дакументы, казалі, што трэба аглядзець машыну. Я адказаў, што няхай робяць гэта з панятымі. Пратрымалі да канца акцыі, а потым адпусцілі. Вялікая колькасць актывістаў і журналістаў знаходзіцца ў міліцыі і, відавочна, правядзе там бліжэйшую ноч, у тым ліку Павел Севярынец".

19:21 Ёсць верагоднасць, што суды заўтра пачнуцца а 9:00. Але дакладнай інфармацыі на дадзены момант няма.

19:36 Стаў вядомы час першых судоў над актывістамі. Чытайце ў адмысловым матэрыяле на нашым сайце пад назвай "Суды 13-га сакавіка".

19:53 Сайт horki.info паведамляе ў твітэры, што суд над Андрэем Юрковым пройдзе а 9:00.

20:03 Сёння многія аршанцы скардзіліся на кепскую мабільную сувязь і павольны інтэрнэт. Але, выяўляецца, падобныя праблемы ўзніклі і ў іншых гарадах, дзе 12-га сакавіка адбываліся пратэсты. Напрыклад, у Берасці, дзе людзі выйшлі на стыхійны мітынг супраць улады. Незалежны журналіст Алесь Ляўчук піша пра мабільных аператараў у фэйсбуку:

20:31 Аршанскія міліцыянты, якія затрымлівалі журналістаў на чыгуначным вакзале, шчыра прызналіся, што служаць Лукашэнку, а не народу, на падаткі якога існуюць, пішуць Naviny.by у сваім артыкуле «Мы царские люди». С кем борется милиция, когда не ловит преступников?

20:52 З прасторы сацыяльных сетак: Кстати, Витебский ОМОН "отличился". Задерживал капитан Курган Александр Дмитриевич (тот, что в джипе с российской символикой), судя по всему, сын бывшего командира Витебского ОМОНА Дмитрия Кургана. "Достойная" смена выросла)

21:06 Адар'я Гуштын піша ў фэйсбуку, як яе падтрымаў звычайны аршанскі таксіст.

21:10 "Радыё Свабода" апублікавала падрабязнасці бесцырымоннага і незаконнага затрымання сваёй карэспандэнткі Галіны Абакунчык:

Галіна Абакунчык была затрыманая сёньня а 14.20 па заканчэньні акцыі пратэсту ў Воршы міліцыянтамі ў цывільным і ў форме, якія не прадставіліся. Як распавялі сьведкі здарэньня, у пастарунак яе даставіў супрацоўнік у цывільным. Галіна запатрабавала, каб супрацоўнікі прадставіліся і патлумачылі прычыны затрыманьня. Гэта яны не зрабілі. Пры гэтым у Галіны сілай, прыціснуўшы да сьцяны, забралі тэлефон, не далі зьвязацца з рэдакцыяй. Пасьля знаходжаньня ў пастарунку "Бабінічы" Галіну даставілі ў галоўны офіс РАУС для высьвятленьня асобы. Допыт доўжыўся каля 6 гадзін. У Галіны было з сабою пасьведчаньне МЗС Беларусі аб акрэдытацыі і пашпарт. У чым абвінавачваецца Галіна Абакунчык, у РАУС не змаглі патлумачыць.

21:34 У Аршанскім РАУС няўцямна тлумачылі, чаму людзей у Оршы затрымлівае незразумелае падраздзяленне з расейскай сімволікай у аўтамабілі. Можа гэта ўвогуле не беларускія амапаўцы? Чалавек паабяцаў звярнуцца на гарачую лінію МУС. Замест тлумачэнняў дзяжурны аршанскага РАУС патрабаваў ад чалавека, які тэлефанаваў, назваць сябе.

22:00 Нарэшце, на сувязь выйшаў галоўны рэдактар нашага сайту Ігар Казмерчак, якога ад самай раніцы цікавала міліцыя. Яму ўсё ж удалося паўдзельнічаць у акцыі, а пасля яе галоўнага рэдактара суправаджалі звычайныя жыхары Оршы. У адной з кватэраў Ігару Казмерчаку далі часовы прытулак, а затым арганізавалі яго бяспечную дастаўку ў іншы горад. У які — Ігар не паведамляе. Дзякуй, шаноўныя аршанцы, за салідарнасць і дапамогу!

22:29 Некаторыя аршанцы сцвярджаюць, што фатаграфаваў іх з Дома гандлю менавіта мэр Оршы Мікалай Лісоўскі. "Народныя навіны Віцебска" тым часам апублікавалі матэрыял "Протесты в Орше: чиновники прятались за жалюзи, а за митингующими наблюдали при помощи дрона"

22:43 З інтэрнэта: "Узгадалася, калі людзі ішлі да будынка райвыканкама, на ўсю вуліцу ў Воршы гучала, ледзь не ламаючы ўзмацняльнікі, песня Андрэя Макарэвіча са словамі "Каждый костёр когда-то догорит". Сімвалічна, над гэтым трэба ўладзе задумацца!

23:05 Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. “Хваля рэпрэсій працягваецца супраць БХД і іншых дэмакратычных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Але відавочна, што зараз гэта не пратэст апазіцыі, але пратэст беларускага народу. І калі сапраўды некалькі чалавек можна затрымаць, то супраць беларускага народу зрабіць нічога не атрымаецца. Акцыі пратэсту працягваюцца. І наступныя акцыі пройдуць у Менску і рэгіёнах 15 сакавіка. І мы павінны паказаць, што нас не запужаць. І мы прымусім сябе паважаць".

13 сакавіка

9:03

9:24 Суды пакуль не пачаліся. Людзі стаяць у чаканні.

9:34 Адвакат Вадзім Мушынскі прыехаў з Менску дапамагаць Паўлу Севярынцу і Кацярыне Бахвалавай.

9:41 Следчы праз тэлефон паведаміў актывістам, што Ігара Грышанава сёння судзіць не будуць, а 10:00 адбудзецца яго допыт у ізалятары.

9:50 Таццяна Севярынец - маці Паўла Севярынца, ужо ў судзе. Таксама як і жонка Паўла Вольга.

9:51 Да суда пад'ехала машына, якая прывезла затрыманых у суд.

9:53 Суддзя сёння — Іна Кохава.

9:57 Ужо амаль 10 гадзін, а суды яшчэ не пачаліся. Людзі стаяць у калідоры.

10:04 У судзе знаходзіцца і муж журналісткі "Белсата" Кацярыны Бахвалавай.

10:19 Процьма людзей у калідоры, а суд усё не пачынаецца.

10:39 Працяг нашага онлайну чытайце ў матэрыяле Суды ў Оршы (Онлайн)

Інфармацыя абнаўляецца пры паступленні новых звестак! Калі вам нешта вядома — паведамляйце, калі ласка, у каментары пад матэрыялам.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Пратэсты ў Оршы

У Оршы — масавыя пратэсты супраць улады Лукашэнкі. Затрыманні, ператрусы і запалохванні не перашкаджаюць людзям.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение