Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынского: ўступленне 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6
, 1601 г. - 1611 г. Частка 71612 г. У Оршы прыняты Статут кравецкага, пастрыгацкага і кушнерскага (звязаны з вырабам футра са шкур) рамесніцкіх цэхаў.
1612 г. Па некаторых звестках, у Оршы ўпершыню з’явіліся манахі-францысканцы. Ордэн быў заснаваны Францыскам Асізскім, які з 1208 г. пачаў насіць карычневую манаскую расу, падперазаную вяроўкай, і сандаліі на голых нагах.
Святы Францыск Асізскі.
Герб ордэна францысканцаў.
Францысканцы.
1612 г. Жыгімонт ІІІ Ваза падараваў аршанскім езуітам вёскі Чамаданы, Княжыцы, Крыніцы, Чэрціца і Чолна.
Жыгімонт ІІІ Ваза.
1613-1635 гг. Аршанскім старостам быў Аляксандр Багдан Рыгоравіч Сапега (1585-1635). Да нас дайшоў яго дэвіз: “Паслуга Айчыне і смерць дзеля яе”.
А.Б. Сапега.
1613 г., 21 лютага Рускім царом стаў Міхаіл Фёдаравіч Раманаў (1596-1645), нашчадак у дзевятым калене аршанскага баярына Андрэя Іванавіча Кабылы, які ў XIV ст. пераехаў з ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву.
Цар Міхаіл Фёдаравіч (Раманаў). Мініяцюра з Царскага тытулярніка 1672 г.
1614 г. Аршанскім падстаростам быў А. Падбярэзскі.
1616 г. Жыгімонт ІІІ Ваза ахвяраваў аршанскім езуітам вялікі маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян), вылучаны з зямель Магілёўскай каралеўскай эканоміі.
1616 г. Па загадзе генерала ордэна езуітаў рэзідэнцыя езуітаў у Оршы ператворана ў калегіум.
Езуіт. Тагачасная гравюра.
1618 г. У езуіцкім калегіуме адчынены клас граматыкі.
1619 г. Аршанскім маршалкам быў Я. Курч.
Герб “Курч”.
1619 г. Аршанцы не пусцілі ў горад Язафата Кунцэвіча, полацкага ўніяцкага арцыбіскупа.
Абраз “Язафат Кунцэвіч”.