Хігрын Барыс Львовіч нарадзіўся 14 жніўня 1909 года ў г. Оршы, у сям'і рабочых. Скончыў рабфак. Працаваў фрэзероўшчыкам на першым Маскоўскім дрэваапрацоўчым заводзе. У Савецкай арміі з 1931 г. Скончыў Маскоўскую артылерыйскую школу ў 1933 г. Удзельнік паходу савецкіх войскаў у Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь ў 1939 г. На фронце Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 г. 5 ліпеня 1941 г. дывізіён 462 - га артылерыйскага палка (13- я армія, Заходні фронт) пад камандаваннем капітана Хігрына прыняў няроўны бой на левым беразе р. Друць, побач з горадам Бялынічы, што на шашы Менск - Магілёў. Немцы атакавалі пазіцыі артдывізіёна, але былі адбітыя. Пасля гэтага каля 40 танкаў з фашысцкай свастыкай зноў атакавалі артылерыстаў. Калі ў аднаго артылерыйскага разліку былі забітыя камандзір і наводчык, то капітан сам стаў ля гарматы і падбіў чатыры танкі праціўніка. Вораг быў затрыманы, але адважны афіцэр - артылерыст загінуў у гэтым баі. Яму, трэцяму артылерысту краіны, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза 31 жніўня 1941 г.
Узнагароджаны ордэнам Леніна. У Оршы адна з вуліц носіць яго імя.