КРАПІЎНА, 1514
***
Позірк праз 500 гадоў
***
Не выкрасліць з гісторыі былое
і дух ваярскі не адрынуць.
Я праз вякі стаю на полі бою,
дзе б мог, каб жыў тады, загінуць.
***
А можа, у баі тым вераснёўскім,
што тут крывавіў, каля Оршы,
і я з тваёй дружынай, князь Астрожскі,
дажыў да хвілі б пераможнай
***
і мо пад сцягам бел-чырвона-белым
з той бітвы б выйшаў, не загінуў
і мог пачуць бы, як наўсцяж грымела
зямная слава пра ліцвінаў.
***
Сягоння час далёкі той згадаю
і моц Астрожскага ваярства –
і сэрца да краёў перапаўняе
ліцвінскі дух былога княства
***
і гонар за сыноў Айчыны,
якіх вёў Канстанцін Астрожскі
да перамогі ў полі ля Крапіўна,
сягоння знакамітай вёскі.