Беларуская чыгунка адмяніла цягнік самага далёкага накіравання ў краіне па маршруце Берасце — Камунары. Ён быў у дарозе 876 кіламетраў і праходзіў гэтую адлегласць за 17 гадзін і 1 хвіліну. Ехаў з Берасця ў Магілёўскую вобласць праз Пінск, Лунінец, Баранавічы, Менск і Оршу. Людзі, якія ездзілі гэтым цягніком з Берасця ў Магілёўскую вобласць, наракаюць, што цяпер ім прыйдзецца дабірацца з перасадкамі, а гэта нязручна.
У рэдакцыю партала tut.by звярнулася Жанна Дашкевіч, яна жыве ў Берасці, а яе бацькі, ужо пажылыя людзі, у Крычаве Магілёўскай вобласці.
- Я ўжо проста страціла надзею, - кажа яна. - У мяне двое дзяцей: дачцэ 15 гадоў, сыну 7 гадоў. Дачку можна было пасадзіць на гэты цягнік у Берасці, і яна сама ехала да бабулі і дзядулі ў Крычаў. Гэта быў адзіны прамы цягнік, і тут з 8 снежня яго адмяняюць. Зараз людзям трэба дабірацца з перасадкамі. А гэта быў зручны цягнік. У раёне 20 гадзін вечара сядаеш у Берасці, а на наступны дзень, прыкладна ў 12 гадзін, ты ў Крычаве.
Яна кажа, што цяпер ёсць варыянты, як дабрацца з Берасця ў Крычаў і назад з перасадкамі ў Менску, Оршы, Магілёве.
Цягнік Берасце — Камунары з'явіўся ў раскладзе ў канцы траўня 2011-га, а са снежня 2015 года стаў хадзіць штодня. Спачатку гэта быў самастойны цягнік, а затым — прычапныя вагоны да цягніка Берасце — Віцебск. Станцыя Камунары знаходзіцца на далёкай паўночнай ўскраіне райцэнтра Касцюковічы Магілёўскай вобласці.
Сапраўды, прамога чыгуначнага злучэння з Берасця да Камунараў з 8 снежня не будзе. З гэтага дня Беларуская чыгунка пераходзіць на новы графік. Дабрацца з Берасця да Крычава можна будзе толькі з перасадкамі.
Канстанцін Баяр, намеснік начальніка пасажырскай службы - начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі, тлумачыць, што прычапныя вагоны прамых зносін цягніка № 658 Берасце — Камунары прыбралі з-за таго, што на ўчастку ад Менска да Віцебска змянілася схема курсіравання цягнікоў. З 8 снежня паміж Віцебскам і Менскам будуць ездзіць цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класу. І гэтыя цягнікі адпраўляюцца з Менска і Віцебска і раніцай, і ўдзень, і ўвечары.
- Па ўмовах працы і тэхналогіі ўчастка, цягнік № 657/658 Берасце — Віцебск, у склад якога ўваходзіла група бесперасадачных вагонаў Берасце — Камунары, на жаль, раніцай не можа прайсці да станцыі Віцебск і ўвечары вярнуцца назад. Таму цягнік № 657/658 захаваў злучэнне ад Берасця да Менска, на гэты адрэзак маршруту і прыходзіўся асноўны пасажырапаток. Да станцыі Камунары або Крычава з Берасця можна даехаць цягніком № 605/606 Брэст — Віцебск з перасадкай на станцыі Магілёў на цягнік № 633/634. Так, трэба ў 5-й раніцы выйсці ў Магілёве і перасесці на цягнік да Камунар, і, адпаведна, вечарам таксама чакаць цягніка некаторы час.
Калі ехаць з Берасця да Крычава праз Оршу, то можна дабрацца цягніком № 96 і ў Оршы перасесці на цягнік рэгіянальных ліній бізнес-класа.
- Расклад асноўных цягнікоў разлічваецца з улікам штодзённага стабільнага дастатковага пасажырапатоку, - кажа Канстанцін Баяр. - На ўчастку Крычаў — Камунары колькасць пасажыраў ўзрастала ў выхадныя і святочныя дні, у звычайныя буднія дні схема цягніка № 661/662 ад Оршы да Камунараў ў сярэднім складала тры вагоны. Пры гэтым колькасць пасажыраў у гэтых вагонах была не вельмі вялікай.