У ноч з 29 на 30 кастрычніка камуністычныя карныя органы расстралялі 132 чалавекі. Па вялікім рахунку тады расстрэлы такой колькасці людзей ў краіне Саветаў былі не рэдкасцю, але значнасць падзеі ў тым, што расстраляныя былі інтэлектуальныя эліты краіны: паэты, навукоўцы. Такім чынам НКУС хацеў вычысціць эліту беларускага грамадства. Таму гэтая падзея атрымала пазней назву "Ноч расстраляных паэтаў", а ў 21-ым стагоддзі пачала адзначацца грамадствам.
Менавіта ноччу, часцей за ўсё ў Курапатах, збіраліся людзі і чыталі імёны расстраляных, чыталі вершы забітых.
Зразумела, што ва ўмовах сёняшніх рэпрэсіяў сабрацца людзям проста небяспечна. У сувязі з гэтым, аршанскі грамадскі актывіст Ігар Станкевіч, які шмат гадоў займаецца ўшанаваннем памяці ахвяраў сталінскага тэрору, прапанаваў запусціць флэш-моб у памяць пра расстраляных.
Для ўдзелу ў флэш-мобе варта запісаць на відэа гісторыю сваіх расстраляных родзічаў, або тых хто асабліва вам дарагі і заліць у любыя сацыяльныя сеткі з хэштэкам #забітыянезабытыя.
Падрабязней пра сваю ідэю Ігар распавёў на відэа.