Здарэнне адбылося ў адной з вёсак Аршанскага раёна, прынамсі, у банку судовых рашэнняў гэтая вёска схаваная пад скарачэннем Л. (хаця можам выказаць здагадку, што гэта магло быць у Ламачана), а сам інцыдэнт адбыўся на вуліцы Ш. Выпіўшы мужчына пасярод бела дня (пратакол затрымання зафіксаваў час у 14-45) "з хуліганскіх памкненняў" громка мацюкаўся чым "наўмысна парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян".
У 14-47 на месцы апынуўся старшы ўчастковы інспектар маёр міліцыі, які затрымаў аршанца, які мацюкаўся ў вёсцы. А пад час затрымання выпіўшы заадно насыпаў мацюкоў і міліцыянту "чым нанес абразу пасадовай асобе дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў".
Апошнім часам за абразу міліцыянтаў нават не матам, а ў сацыяльных сетках можна атрымаць "хімію" або нават "калонію". У дадзеным выпадку мужчыну судзілі па двух артыкулах: за хуліганства якое праявілася ў мацюках на вуліцы і асобна за абразу міліцыянта. За хуліганства суд Аршанскага раёна выдаў мужчыне штраф у выглядзе 74 рублёў. Міліцыянта ацаніў у большую суму - 814 рублёў.
Здзіўляе, што мужчыне ў п'яным стане за абразу міліцыянта ды яшчэ і пры здзяйсненні хуліганства далі ўсяго толькі штраф, калі цвярозым людзям за каментары даюць рэальныя тэрміны.