Раман Галоўчанка, які займае пасаду кіраўніка ўраду Рэспублікі Беларусь, прапанаваў зрабіць лагістычны цэнтр «Брэміна-Ворша» імпартным «хабам» для садавіны і гародніны. Пра гэта ён выказаўся на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па рэгуляванні коштаў.
Галоўчанка закрануў тэму рэгулявання кошту імпарту. Лукашэнка распавёў гісторыю, як на яго выйшлі нейкія бізнэсоўцы, якія прапанавалі прывезці ў Беларусь какава-бабы па нізкіх коштах і не падвялі: сапраўды паставілі сыравіну.
«А чаму мы не можам па крытычных групах тавараў дамовіцца з людзьмі?» — сказаў Лукашэнка.
«Я лічу, што калі нехта можа прапаноўваць імпартны тавар па больш таннай цане, то гэта трэба заахвочваць. Задача, да якой я падыходзіў некалькі разоў (на жаль, гэтая ўся пературбацыя з лагістыкай яе парушыла), — гэта стварэнне па асноўных катэгорыях ... Какава-бабы — гэта вузкі прыклад. Вось памідоры, бананы — на іх сядзяць старыя імпарцёры, яны ведаюць, што, чаго, як. У мяне была такая думка, аж да таго, што Болбасава выкарыстоўваць для таго, каб зрабіць там вялізны размеркавальны цэнтр па такіх пазіцыях», — адказаў прэм’ер.
«Дык рабі. Гэта ж для гэтага і стваралася», — сказаў яму Лукашэнка.
«Мы да гэтага блізка падышлі, ужо дамоўленасці былі. Але сітуацыя з санкцыямі і ковідам крыху паламала гэтую схему. Але мы давядзём яе да канца, таму што гэта правільны шлях. Нельга ўсё манапалізаваць, але на асноўных катэгорыях тавараў мы гэта абавязкова адпрацуем», — растлумачыў Галоўчанка.
У Болбасаве размешчаны лагістычны цэнтр МПЛК «Брэміна-Ворша», якая з’яўляецца часткай «Брэміна Груп», што кіруе асобай эканамічнай зонай «Брэміна-Ворша». Гэтую групу кампаній звязваюць з набліжанымі да Лукашэнкі бізнесоўцамі Аляксеем Алексіным, Мікалаем Вераб’ём і Аляксандрам Зайцавым. Іх яшчэ называюць «гаманцамі Лукашэнкі». Гэтыя прадпрымальнікі маюць праблемы праз міжнародныя санкцыі.