У Талачынскім раёне стала на адно сельгаспрадпрыемства менш. ААТ «Жукнева» было рэарганізавана – яго далучылі да суседняга ААТ «Коханава-Агра». Звычайна так робяць, каб выратаваць таго, хто тоне, і паказвае дрэнныя вынікі. Такія далучэнні дапамагаюць схаваць назапашаныя ў галіне праблемы – даўгі, страты і іншыя “радасці”.
Але гэта яшчэ не ўсё. СУП «Барсеева» ў Лёзненскім раёне падало заяву на ліквідацыю. І гэта нягледзячы на тое, што ў 2017 годзе яно ўвайшло ў склад Віцебскага мясакамбіната. Здавалася б, дапамога прыйшла, але відаць, і яе не хапіла, каб цягнуць неэфектыўную вытворчасць. Таму агульны сход акцыянераў мясакамбіната вырашыў ліквідаваць СУП «Барсеева».
Нагадаем, што ў Беларусі на праграму адраджэння і развіцця сяла патрацілі дзясяткі трыльёнаў рублёў. Яе называлі найважнейшым доўгатэрміновым інвестыцыйным праектам, унікальным па сваіх маштабах, які абяцаў вяскоўцам Беларусі новыя сацыяльныя стандарты.