29 чэрвеня ў Варшаве стартаваў продаж новага крымінальнага раману пра Воршу 20-х гг. ХХ ст. «Гульні Цырцэі» аўтарства Змітра Дзядзенкі. Кніга выйшла ў папяровым фармаце, аўтарам вокладкі стаў Артур Вакараў, адказным за выпуск Яраслаў Іванюк.
Як прызнаўся сам аўтар, на напісанне раману яго натхніла прачытанне адной гісторыі ў часопісе «Аршанскі маладняк», які выходзіў сто гадоў таму. Спачатку аўтар пераказаў яе ў сваіх сацыяльных сетках, затым зразумеў, што такіх эсэ, аднак, замала. Трэба напісаць кнігу. З чым і справіўся. Гэта чарговая кніга Змітра Дзядзенкі пра родную Воршу.
Апісанне раману ў выданні, якое ў першы дзень продажаў ужо сталі актыўна набываць чытачы, такое:
«Ворша, 1920 год. Забіты стары князь Друцкі, а ягоныя каштоўнасці зніклі. Шукае іх малады чэкіст Раман Васільчук, якому дапамагае былы следчы Павел Дадэрка. Тым часам навокал успыхваюць сялянскія бунты і рабочыя паўстанні, дзейнічаюць рабаўнікі-анархісты, шпіёны Пілсудзскага і секс-шантажысты з дома цярпімасці…
А паралельна даросламу свету ўзнікае дзіцячае каралеўства з сапраўдным імператарам. Але яно таксама аказваецца ўцягнутае ў жорсткае дарослае супрацьстаянне».
На Hučna Fest былі і канцэрты, і дыскусіі, і было прададзена шмат іншых кніг. Але для аршанцаў, безумоўна, выхад у свет раману пра гісторыю Воршы стаў адной з асноўных падзей, не толькі фестывалю, але і ўсяго апошняга часу.