Тыя, хто глядзеў на расцэнкі ў новым аўкцыёне, убачыў, што кошт на аршанскі стадыён упаў амаль у тры тысячы разоў!
Мінулай восенню Аршанскі льнокамбінат выставіў на продаж стадыён ручных гульняў. Тады кошт на яго складаў цэлых 119 707 беларускіх рублёў. Але ніхто на стадыён не паквапіўся, і аўкцыён праваліўся. Цяпер дырэкцыя Льнокамбіната гатова зрабіць чарговую спробу. Камбінат пайшоў на рэзкае зніжэнне цаны.
Стартавая цана на аўкцыёне на Таварнай біржы складае ўсяго 40 рублёў. Гэта значыць, падзенне стартавае цаны ад мінулых таргоў, якія не адбыліся, склала 2993 разы. Магчыма, гэта рэкорд у гісторыі Беларусі.
Паведамленні аб правядзенні электронных таргоў апублікаваныя на старонках Дзяржаўнага камітэту маёмасці Рэспублікі Беларусь у раздзеле «Продаж/Арэнда маёмасці» і Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту ў раздзеле «Нерухомасць». Інфармацыя аб таргах таксама апублікаваная ў газеце «Рэспублiка» ад 23.08.2024.
У апісанні стадыёна, які знаходзіцца па адрасе вуліца Моладзевая, 1, гаворыцца: «збудаванне спецыялізаванае фізкультурна-аздараўленчага і (або) спартыўнага прызначэння — стадыён ручных гульняў з пляцоўкай — агульнай плошчай 8041,0 кв.м, 1955 г. пабудовы».
Абавязковай умовай продажу на электронных таргах нерухомай маёмасці з’яўляецца: ажыццяўленне пакупніком дзейнасці (прадпрымальніцкая дзейнасць, дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамесная дзейнасць або дзейнасць, пры ажыццяўленні якой фізічныя асобы, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, выплачваюць адзіны падатак, або ў выпадку набыцця нерухомай маёмасці некамерцыйнымі арганізацыямі — дзейнасць некамерцыйных арганізацый) з выкарыстаннем набытай нерухомай маёмасці і (або) нерухомай маёмасці, збудаванай пасля зносу набытай нерухомай маёмасці, не менш за адзін год (пачатак ажыццяўлення — не пазней за адзін год з дня заключэння дагавора куплі-продажу, а ў выпадку правядзення капітальнага рамонту, рэканструкцыі, узвядзення новага аб’екта пасля зносу набытай нерухомай маёмасці — у тэрміны, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не пазней за два гады з моманту заключэння дагавора куплі-продажу)».
Пры гэтым, аднак, зваць гэтае месца «стадыёнам», як апісана ў дакументацыі, ужо ці наўрад шчыра. Некалькі гадоў таму ўлады фактычна знішчылі аб’ект, зараз на ім не ўбачыць той разметкі і віду, які ёсць на архіўным фота. Апошнія вядомыя апублікаваныя здымкі стадыёна рабіў дзённік «Радыё Аршыца», і на іх бачна, што ад стадыёна ручных гульняў нічога істотнага не заставалася ўжо тады, толькі сама тэрыторыя.