Спецыялісты Дзяржкантролю правялі маштабную праверку рынкаў у Віцебскай вобласці. У прыватнасці, у чатырох найбуйнейшых гарадах — Віцебску, Воршы, Полацку і Наваполацку. Парушэнні знойдзены на ўсіх 7 правераных рынках.
Выяўлены факты невыканання прадаўцамі заканадаўства аб цэнаўтварэнні і завышэнні гранічных гандлёвых надбавак пры фармаванні рознічных цэнаў, рэалізацыі тавараў без кантрольных уніфікаваных знакаў, а таксама тавараў, забароненых да продажу на тэрыторыі рынку.
Так, напрыклад, прапаноўвалася прадукцыя са скончаным да 3,5 месяцаў тэрмінам прыдатнасці, парушаўся парадак прыёму наяўных грашовых сродкаў, для ўзважвання гародніны і садавіны выкарыстоўваліся неправераныя шалі, адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку выстаўленых тавараў, прадукцыя не адпавядала тэхнічным патрабаванням і інш.
Адзін індывідуальны прадпрымальнік на рынку Віцебску пры фармаванні цэнаў на агародніну і садавіну дапусціў перавышэнне ўстаноўленых гранічных гандлёвых надбавак да 10 разоў. Іншы суб’ект ажыццяўляў продаж 5 найменняў спажывецкіх тавараў па завышаных цэнах у выніку перавышэння гранічных гандлёвых надбавак да 18%, прапаноўваў 5 найменняў алею расліннага, які падлягае маркіроўцы кантрольнымі ўніфікаванымі знакамі, без іх наяўнасці на спажывецкіх упакоўках, а таксама 2 найменні тавараў, забароненых да продажу на рынках.
Падрабязнасці пра тое, якія менавіта парушэнні знайшлі на аршанскім рынку, у камюніке КДК не даюцца.
Правапарушальнікам вынеслі рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў. У адносінах да асоб, вінаватых у парушэнні цэнавага заканадаўства, пачаты адміністрацыйныя працэсы.