39 гадоў аддзяляюць нас ад тых трагічных падзей, але сацыяльныя і эканамічныя наступствы адчуваюцца ў Беларусі і сёння.
Магілёўская вобласць - адзін з найбольш пацярпелых ад найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва рэгіён. З 21 раёна Магілёўшчыны да сённяшняга дня забруджанымі лічацца 14 - Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі, Касцюковіцкі, Быхаўскі і іншыя. Ёсць раёны, дзе нязначная частка тэрыторыі забруджаная - напрыклад, у Бабруйскім раёне. Паводле афіцыйнай інфарамцыі,чарнобыльскае воблака не закранула Горацкі і Шклоўскі раёны. Таму менавіта туды часта накіроўвалі перасяленцаў.
Найбольш пацярпелай ад наступстваў аварыі на ЧАЭС стала Гомельшчына. Усяго ж па Беларусі на пачатак гэтага года ў зонах радыеактыўнага забруджвання размешчана 2016 населеных пунктаў у пяці абласцях Беларусі, дзе пражываюць больш за 930 тысяч чалавек, у тым ліку 181 тысячa дзяцей да 17 гадоў.
Аднак у хуткім часе гэтая статыстыка можа быць перагледжана: Аляксандр Лукашэнка лічыць, што па сканчэнні амаль сарака гадоў варта змяніць крытэрыі "забруджанасці" і "аднаўляць жыццядзейнасць" у раёнах, якія лічацца пацярпелымі ад радыеактыўнага забруджвання.