Заўважыўшы на трасе Орша-Шклоў-Магілёў аўтамабіль ВАЗ, які ехаў з перавышанай хуткасцю, супрацоўнікі ДАІ некалькі разоў патрабавалі спынення транспартнага сродка. Машына стварала рэальную небяспеку для іншых удзельнікаў дарожнага руху, але кіроўца не спыніўся нават пасля неаднаразовых папярэджанняў аб прымяненні табельнай зброі.
Давялося зрабіць некалькі прыцэльных стрэлаў па колах аўтамабіля. Толькі такім чынам удалося яго спыніць. Як высветлілася, за стырном знаходзіўся 55-гадовы мужчына - жыхар Аршанскага раёна, з выразнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення. Экспертыза паказала 1,3 прамілле, таксама высветлілася, што кіроўца не першы раз кіраваў машынай у нецвярозам стане і быў за гэта пазбаўлены правоў.
Супраць яго было складзена 8 адміністрацыйных пратаколаў - як за парушэнне ПДР, так і за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Мужына затрыманы да суда, яго машына знаходзіцца на стаянцы пад аховай.