Новы архітэктурны праект па ўладкаванні горада падрыхтаваны, дакументацыя знаходзіцца на стадыі зацвярджэння ў адміністрацыі. У цэнтры на месцы помніка Леніну плануецца зрабіць буйны фантан, а два фантаны, якія знаходзяцца бліжэй да Прыдняпроўскага парку, як бы ўвойдуць у адзіную кампазіцыю.
Яшчэ адзін фантан плануецца зрабіць каля стэлы ў гонар перамогі ў ІІ Сусветнай вайне, дзе, зрэшты, ён і знаходзіўся некалькі год таму.
Куды будзе перанесены помнік Леніну, да якога стаўленне ў Оршы ды і ў Беларусі ў цэлым вельмі неадназначнае, пакуль невядома. Верагодна, помнік знакамітаму бальшавіку перавязуць літаральна на кіламетр убок і паставяць непадалёк ад райвыканкаму, таксама магчымы яго перанос непасрэдна ў гарадскі парк побач з калегіумам.
Помнік Леніну побач з Домам культуры Ільнокамбінату пакуль кранаць ня будуць.
Пакуль Ленін яшчэ стаіць на старым месцы.