"Начныя ваўкі" - групоўка палітызаваныя расейскіх байкераў, якія не проста падтрымалі расейскую агрэсію ва Ўкраіне, але і самі прынялі ўдзел у многіх акцыях па захопу часткі суседняй краіны. Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Залдастанаў па мянушцы "Хірург" не хавае сваіх шавіністычных поглядаў. Цяпер "Начныя ваўкі" плануюць праехаць паўз Беларусь, спыняючыся ў Менску і Берасці, і працягнуць свой маршрут, па так званаму "шляху савецкага войска", праз Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Аўстрыю і Нямеччыну. Шматлікія беларусы лічаць праезд "Начных ваўкоў" па гарадах нашай краіны не ўшанаваннем памяці пра перамогу над нацысцкай Нямеччынай, а непрыхаванай дэманстрацыяй расейскага шавінізму, які не лічыцца з тэрытарыяльнай цэласнасцю іншых краін і правамі многіх народаў на самастойнасць.
Па вялікім рахунку, акцыю падтрымае толькі беларуская філія "Начных ваўкоў", большасць беларускіх мотааматараў адмовілася ад удзелу ў прабегу, бо не ўважае "Начных ваўкоў" байкерамі. На іх думку, байкерскі клуб не можа адназначна падтрымліваць нейкую палітычную сілу, бо сам па сабе рух байкераў нясе свабоду, ён не палітызаваны.
Паводле плану "Начных ваўкоў", прабег стартуе 25-га красавіка ў Смаленску а 19:00. Неўзабаве прапуцінскія матацыклісты праедуць Оршу, а пад вечар завітаюць у Менск. 26-га красавіка яны плануюць завітаць у Хатынь і Берасце, а потым працягнуць шлях углыб Еўропы.