Свяцейшы Патрыярх Аляксандар (Калінін) - кіраўнік Рускай Дрэўлеправаслаўнай царквы з 2000 года - наведаў Беларусь 20-21 чэрвеня. Асноўным месцам яго візіту стаў Віцебск дзе ў гэтыя дні праходзілі першыя набажэнствы ў новым храме стараабрадцаў імя Свяціцеля Ніколы. Знаходзячыся ў Беларусі ён таксама сустрэўся з вернікамі з Оршы з якімі размаўляў пра павелічэнне колькасці вернікаў у нашым горадзе.
Стараабрадцы з'явіліся ў Беларусі, у тым ліку, на Аршаншчыне, адразу пасля раскола Рускай парваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата ў 17 стагоддзі. У Расіі стараабрадцы за сваю веру падвяргаліся фізічным расправам. Стараабрадчаскія манастыры захоплівалі з дапамогай войска, а вернікаў каралі смерцю, у тым ліку, масава спальваючы жывымі ў дамах. Праз рэлігійную варажнечу ў 17 стагоддзі ў Расіі былі забіты тысячы вернікаў - стараабрадцаў. У гэты ж час у Рэчы Паспалітай мірна суіснавалі розныя канфесіі і рэлігіі, а дзяржава імкнулася да ўсеагульнай рэлігійнай цярпімасці і роўнасці канфесіяў, асабліва на тэрыторыі Вялікага княства. Ліберальнасць Беларусі ў пытаннях веры і стала прычынай таго што сюды збеглі дзесяткі тысяч прыхільнікаў старога праваслаўнага абраду. Руская Дрэўлеправаслаўная царква адно з буйнейшых царкоўных аб'яднанняў стараабрадцаў папоўцаў, якое мае больш за 100.000 вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Румыніі, Балгарыі, Грузіі і Ізраіле.
Фота з афіцыйнага сайту царквы зробленыя ў Віцебску