У жніўні ў рэгіёне адбыўся шэраг запамінальных аварыяў. Каля вёскі Светачоўка ў аварыю патрапіў аўтобус з пасажырамі, пасажыры атрымалі траўмы. У Барані ноччу легкавік, прабіўшы плот, выляцеў на тэрыторыю 15-ай школы. У Талачынскім раёне пашанцавала застацца ў жывых нараду ДАІ, а іх машыну іншы легкавік змяў у гармошку. У пачатку месяца - 5 жніўна - у Оршы таксама ў аварыю патрапілі супрацоўнікі міліцыі, але не на службойвай машыне. Сярод іншых трагічных здарэнняў можна ўзгадаць забойства ў раёне Мясакамбіната маладога чалавека, якога забілі гваздадзёрам.
Магчыма, самай яскравай культурніцкай падзеяй стала знішчэнне будынка музея імя Заслонава. Будынак які даўно патрабаваў рамонту, быў пашкоджаны ліпеньскім ураганам, а ў жніўні разабраны. Сярод іншых культурніцкіх падзеяў: 100-гадовы юбілей Сямёна Шаўрова, дзень чыгуначнікаў, які ў Оршы святкуецца даволі яскрава. А ў канцы месяца аршанскія грамадскія актывісты наведалі вёску Пагосцішча, куды едзяць рэгулярна ў апошнія некалькі год, каб наведаць помнік пастаўлены на месцы апошняга боя паўстанцаў Аршанскага атрада 1863 года.
Шмат цікавага прынес гэты месяц і ў спорце. Сярод самых сумных падзеяў - параза на Алімпійскіх гульнях Аліны Талай. Аршанская лёгкаатлетка была адной з алімпійскіх надзеяў краіны. Ад яе некаорыя чакалі нават залатога медаля. Але ў паўфінале Аліна зачапіла бар'ер і упала на дарожцы, а 100-метроўка з бар'ерамі — такі від лёгкай атлетыкі дзе другога шансу, звычайна, няма. Яшчэ адна значная спартовая падзея рэгіёна - паспяховы ўдзел у абласных спаборніцтвах каманды Сянно - яны атрымалі кубак вобласці і каманды Барані, якая ўпершыню за вельмі доўгі час выйшла з раённага турніра ў абласны.
Самая важная палітычная падзея месяца - рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты парламента. Відавочна, што спісы зарэгістраваных кандыдатаў стваралі цэнтралізавана, бо па ўсіх аршанскіх акругах яны мелі агульную схему: адзін дэмакрат, стаўленнік уладаў, сябра ЛДПБ і адзін прадстаўнік праўладнай партыі. У Талачынскім раёне, праўда, было не 4, а тры кандыдата - там няма праўладных партыяў. Пасля такой рэгістрацыі кандыдатаў, калі з магчымых спісаў зніклі самыя яскравыя прэтэндэнты, інтарэс да выбараў упаў - пікеты, за рэдкім выключэннем, зніклі з вуліцаў, а ўлёткі, за рэдкім выключэннем, на вуліцах так і не з'явіліся.
Самай жа яскравай і важнай падзеяй для рэгіёна стаў мор рыбы ў Дняпры. Некалькі дзён не грэблівыя аршанцы вёдрамі вылоўлівалі мёртвую рыбу з ракі, не разумеючы, што яна была атручана і ўяўляе небяспеку для людзей і жывёлаў. Праз некаторы час, калі стала вядома прычына атручання рыбы, то ў Дняпры ўлады забаранілі не толькі лавіць рыбу, але і купацца. У гэтым годзе Днепр плануюць зарыбіць.