Сучасная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь паводле многіх паказчыкаў не можа лічыцца ідэальнай. Напрыклад, звычайны патрыятызм спазнаецца праз веданне роднай гісторыі. Але ўзровень ведаў сярод беларускіх школьнікаў пра тыя падзеі скрайне нізкі. Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы" правяло ў Магілёве інтэлектуальныя спаборніцтвы "Беларускае пяціборства". Вучням 8-11 класаў прапаноўвалася прадэманстраваць свае веды ў матэматыцы, прыродазнаўству, гісторыі, роднай літаратуры і роднай мове. Навучэнка бабруйскай гімназіі №3 Ангеліна Жыркевіч другі год запар перамагла ў спаборніцтвах.
Сябра ТБМ Міхаіл Булавацкі паведаміў, што абсалютная большасць школьнікаў не ведала дату уз'яднання Заходняй і Ўсходняй Беларусі, 25-годдзі ўсталявання памятнага крыжа на месцы сталінскіх растрэлаў па праспекце Дзімітрава ў Магілёве. Пра 500-годдзе бітвы пад Оршай ведаў толькі адзін чалавек. Многія не змаглі нават сказаць, што праціўнікам нашых ваяроў у той бітве было Маскоўскае войска.
Таму наўрад ці трэба здзіўляцца пасіўнасці многіх беларусаў па шэрагу пытанняў. Скарачэнне вывучэння гісторыі ў школах, выкладанне гісторыі Беларусі на рускай мове прывялі да сумнага выніку.