Сёння ў зняволенні па палітычных матывах знаходзяцца тры палітвязні, ураджэнцы Аршаншчыны. Першым - яшчэ да выбараў - сеў Зміцер Казлоў, больш вядомы як блогер Шэры кот. Ён сядзіць ужо больш як паўгады, але да гэтае пары не дачакаўся суда ды і следчыя дзеянні амаль не праводзяцца - свайго следчага, як паведамляе Зміцер у лістах - ён бачыць толькі тады калі яму падаўжаюць тэрмін зняволення.
Другая аршанка атрымала тэрмін за тое, што сарвала балаклаву з АМАПаўца пад час разгону акцыі. Гэта Наталля Херршэ, ураджэнка Оршы, якая апошнія гады жыла ў Швейцарыі.
У панядзелак мы даведаліся пра яшчэ аднаго аршанца асуджанага па палітычных матывах. Гэта Уладзімір Шынкевіч, якога абвінавацілі па артыкулу "абраза прэзідэнта". Ён атрымаў год і тры месяцы рэальнага тэрміну, відавочна, што ён таксама будзе прызнаны палітвязнем, бо правабаронцы негатыўна ставяцца да дадзенага артыкула крымінальнага кодэксу, матывуючы гэта тым, што прэзідэнт такі ж грамадзянін як і іншыя і не заслугоўвае асобнага артыкула.
Пакуль Уладзімір не прызнаны палітвязнем, відавочна, увагі да яго будзе меньш чым да іншых сядзячых аршанцаў. Таму менавіта зараз яму асабліва патрабуецца маральная падтрымка. Зараз Уладзімір ужо на этапе і пакуль не вядома дзе дакладна ён будзе адбываць свой тэрмін, але часова ён знаходзіцца ў Віцебску па адрасе: 210026, вул. Гагарына 2, СІЗО 2, г. Віцебск.