Прадпрымальнікі з Расеі прыехалі ў Беларусь, каб набыць ялавічыну. Неўзабаве знайшлі чалавека, які меў неабходны тавар. Тады госці і падумаць не маглі — яны апынуліся пад уздзеяннем махляра, які палка распавядаў пра мяса, якога і сам не бачыў.
Мужчына дамовіўся з прадпрымальнікамі, што за 20 тонаў ялавічыны атрымае 60 тысяч даляраў ЗША. Вядома, як часта бывае ў падобных здзелках, дамовіліся на выплату часткі сумы перад прадастаўленнем тавару. Мужчына атрымаў 18 тысяч "зялёных", а на замену паказаў прадпрымальнікам копію пашпарту і напісаў распіску, але пры гэтым сказаў, што яму трэба зноў забегчы дадому, каб не хадзіць па Менску з вялікай сумай грошаў. Усё гэта наўрад ці выклікала падазрэнні. У ксеракопіі пашпарту было запісана: Павел Казачэнка.
Госці доўга стаялі на менскай вуліцы Алега Кашавога, а затым зразумелі, што чакаюць надта доўга. Мужчына насамрэч у доме не затрымліваўся — ён спакойна прайшоў праз іншы выхад з дому з чужымі грашыма. Добра, што пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю даволі аператыўна — махляра пачалі шукаць і знайшлі... ў Оршы. Бандыт аказаў сур'ёзны адпор пры затрыманні, спрабаваў збегчы, але супрацоўнікі АМАП прымусілі яго здацца. Узбуджана крымінальная справа.
Высветлілася, што раней злачынца законна займаўся рознічным гандлем, але зарабіць дастаткова не мог. Сваім "новым знаёмым" з Расеі злачынца сказаў, што оптам пастаўляе мяса з Беларусі ва Ўкраіну і Расею. Копія пашпарту аказалася падробкай, крымінальнік, замяніўшы імя, прозвішча і іншую інфармацыю, забыў змяніць ідэнтыфікацыйны нумар. Магчыма, мужчына здзейсніў некалькі падобных злачынстваў. Вядзецца раследванне. Махляр знаходзіцца ў ізалятары.