Ашуканцы падманулі 65-гадовую жыхарку Оршы, паведамляе абласная міліцыя.
Як адзначаюць сілавікі, на працягу ўсяго лета аршанцаў спрабуюць падмануць ашуканцы, выдаючы сябе за супрацоўнікаў кампаній мабільнай сувязі МТС і А1.
На гэты раз ад іхных дзеянняў пацярпела 65-гадовая жыхарка Оршы. У мэсэнджэры WhatsApp ёй паступіў званок ад імя супрацоўніка кампаніі МТС. Мужчына растлумачыў, што жанчыне неабходна падоўжыць дамову на аказанне паслуг мабільнай сувязі, інакш з заўтрашняга дня яна будзе адключаная. Ён прапанаваў падоўжыць дамову дыстанцыйна. Трэба толькі сцягнуць дадатак «Мой МТС» па спасылцы, якая вяла не на афіцыйную краму прыкладанняў Play Market, а на ўсталявальны APK-файл.
Аршанка паверыла махляру і таксама перадала свае персанальныя даныя, у тым ліку ідэнтыфікацыйны нумар, нібыта для запаўнення анкеты на падаўжэнне дамовы.
Потым зламыснікі, выкарыстоўваючы доступ да тэлефона жанчыны, ажыццявілі аўтарызацыю ад яе імя ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі і атрымалі доступ да яе рахункаў у банках. Таксама ажыццявілі адкрыццё некалькіх віртуальных банкаўскіх плацежных карт у іншых банках.
У выніку аршанка страціла ўсе свае зберажэнні, якія захоўваліся на рахунку, на суму больш за 10 000 рублёў.
Міліцыя нячаста паведамляе аб арышце злачынцаў, якія падманваюць людзей па тэлефоне. Але трэба сказаць, рэгулярна папярэджвае грамадзян аб пільнасці, просіць ператэлефаноўваць у банкі і салоны адразу і пытацца, ці іхны гэта супрацоўнік. На жаль, многія не слухаюць просьбаў і аказваюцца ашуканымі.