Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці выявіў, што на Дубровеншчыне праводзіцца недастатковая работа па ўнясенні нерухомай маёмасці ў Адзіны рэестр пустуючых дамоў. Праверка ведамства паказала, што ў 32 сельскіх населеных пунктах ( з 144) абследаванні для выяўлення такіх дамоў нават не праводзіліся.
На першы погляд, у Дубровенскім раёне з гэтым пытаннем усё ў парадку: на сайце райвыканкама ёсць адпаведная рубрыка, дзе можна пазнаёміцца са спісам пустуючых дамоў на тэрыторыі 7-мі сельсаветаў і ўласна райцэнтра. Але рэестр безгаспадарчых дамоў у Дуброўне, у Валяўкоўскім, Асінторфскім і Пірагоўскім сельсаветах апошні раз абнаўляўся ў 2022 годзе, у Маласавінскім, Малабахаўскім, Зарубскім, Дабрынскім сельсавецетах– у 2023 годзе. На той момант самая вялікая колькасць пустуючых дамоў – 21 - была зафіксавана на тэрыторыі Дабрынскага сельскага савета.
Між тым, насельніцтва Дубровенскага раёна зменшаецца: на 1 студзеня 2023 года тут было 13 386 жыхароў, а на 1 студзеня 2024 года – ужо толькі 13 137 чалавек. З іх каля 4 тысяч – людзі, старэйшыя за пенсіённы ўзрост (60+). Сумная дэмаграфічная тэндэнцыя знаходзіць адлюстраванне і ў змяншэнні колькасці гаспадароў вясковых пабудоў...
Дзяржаўны "Адзіны рэестр пустуючых дамоў" дзейнічае з 1 студзеня 2023 года, і звесткі ў яго мясцовыя ўлады абавязаны ўносіць рэгулярна. Гэты інфармацыйны рэсурс ствараўся для дапамогі ахвотным набыць дом у сельскай мясцовасці. Абласны Камітэт дзяржкантролю лічыць, што Дубровенскі райвыканкам не праяўляе належнай зацікаўленасці ў гэтым пытанні.