Цягам 2025-26 гадоў запланаваны знос усіх бальнічных пабудоваў па вуліцы Паркавай, у тым ліку адміністрацыйны корпус, будынак былога тэрапеўтычнага аддзялення і галоўны корпус – своеасаблівы помнік мясцовай гісторыі.
Як вядома, з 1935 па 1960 гг. Багушэўск быў райцэнтрам. А значыць, у савецкія часы меў і ўласны райкам партыі (КПБ). Калі райцэнтр пазбавілі ягонага статусу, у былы «партыйны» будынак у 1960-м годзе засялілі медычную ўстанову. Варта зазначыць, што Багушэўск хоць і перастаў быць цэнтрам раёну, але заставаўся даволі буйным населеным пунктам. Таму і бальніца тут была важным сацыяльным аб'ектам.
2018 годзе яна стала прадметам скандалу : медустанову вырашылі перапрафіляваць. Яна стала ахвярай медычнай рэформы, асноўнымі напрамкамі якой былі ўзбуйненне і скарачэнне. У выніку жыхары Багушэўска засталіся без уласнага шпіталя і з вялікай праблемай – бальнічны стацыянар цяпер функцыянуе толькі ў Сянно, і да ўрачоў-спецыялістаў даводзіцца ехаць туды ж, за 35 км.
Былую нерухомую маемасць бальніцы прыстасаваць да чагосьці вартага так і не змаглі. Зараз яна знаходзіцца на балансе Сенненскай ЦРБ. І райвыканкам уключыў яе ў планы на знос.