Напярэдадні адразу ў некалькіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што прыпынкі і некаторыя абвесткі ў сталічным транспарце пачалі агучваць па-расейску. Такой праблемы няма на Сенненшчыне.
Намеснік генеральнага дырэктара транспартнага прадпрыемства «Віцебскаблаўтатранс» Віктар Аляксандравіч Кожух паведаміў у адказе на зварот юрыста Ігара Случака, што на Сенненшчыне квіткі на аднаразовую паездку, а таксама праязныя білеты на месяц і на дэкаду ў транспарце друкуюцца на беларускай мове.
Выключэнне складаюць толькі білеты, якія прабівае кіроўца аўтобуса. Але тут ёсць тэхнічнае тлумачэнне. Касавыя апараты запраграмаваныя толькі на расейскай мове, адпаведна і білеты адтуль можна надрукаваць толькі на гэтай мове. Але ўся астатняя прадукцыя транспартнікаў — на беларускай мове.
Беларуская мова ў транспарце ў многіх беларускіх гарадах — заслуга грамадскіх дзеячоў. У Воршы доўгі час ад грамадзян ішлі патрабаванні вярнуць беларускую мову на прыпынкі і ў агучванне на транспарце, і свайго людзі дамагліся.