Украінская кампанія "Мотар Січ", якая валодае кантрольным пакетам акцый аэрадрома і авіярамонтнага заводу ў Балбасава плануе распачаць новую вытворчасць у нашым рэгіёне. Сёння тут рамантуюцца і мадэрнізуюцца верталёты Мі-2 і Мі-8. У перспектыве ў Балбасаве плануецца мадэрнізаваць ваенна-транспартны самалёт АН-26 і транспартны самалёты Іл-76. Акрамя таго ўжо сёння ёсць "папярэдняя дамоўленасць" пра вытворчасць на Аршанскім авіярамонтным газатурбінных рухавікоў для крылатых ракет.
Але дэкларацыі пра намеры ў беларуска-украінскім вайсковым супрацоўніцтве апошнім часам так і застаюцца дэкларацыямі, адзначае радыё "Нямецкая хваля", спасылаючыся на меркаванне экспертаў. Асноўныя праблемы ў супрацоўніцтве эксперты бачаць у двух прычынах: па-першае "Нягледзячы на аптымістычныя заявы Лукашэнка пра актывізацыю супрацоўніцтва на украінскім накірунку, балансаванне з аглядкай на Маскву не дазваляе разглядаць Беларусь як доўгатэрміновага партнёра" - гаворыць украінскі эксперт дырэктар кансалтынгавай кампаніі Defense-Express Сяргей Згурэц.
Другую праблему ў супрацоўніцтве адзначыў беларускі эксперт Сяргей Портнікаў кіраўнік рэсурса Belarus Security Blog: "Нажаль, у Беларусі фінансы спяваюць рамансы, і паглыбленне сувязяў з Украінай у сферы ВПК перашкаджае ў першую чаргу не незадаволенасць РФ, а недахоп сур'ёзнага фінансавання супольных праэктаў у сферы ВПК".
У любым выпадку, пакуль Мінск тармазіць праэкты, украінскі бізнэс усё меньш арынтуецца на нашу краіну і ўсё больш супольных праэктаў распачынае з партнёрамі з Еўразвязу, а Расія узяла курс на тое каб адмовіцца ад супрацоўніцтва ў вайсковай сферы, нават, са сваімі саюзнікамі ў СНД - адзначае "Нямецкая хваля".